Эпізод з Гэлінай запіскаю аднімаў Рыгораву ўвагу, пакуль ён не дайшоў да Каменнаастроўскага. Яго не перабіла нівошта, хоць на рагу Дваранскае Рыгор найшоў на громкі крымінал з непакорным пасажырам трамваю. Поліцэйскі нахабна тузаў сярэдніх гадоў чалавека, сьвістаў камусьці, а вакола гукалі зусім няласкава для гарадавога. Праўда, тут ня мелася сувязі з ваенным настроем. Рыгор прымеціў гэты настрой, калі падблізіўся да Троіцкага мосту. Тут было відаць, як гушчы людзей плылі ўзад і ўперад праз гарбатыя пралёты мосту.
— Рыгор, сюды-і! — пераняла яго Ганна. — Задумаўся-а нечага? Мо’ зноў ня добрая навіна? — дадала яна.
— А і то — навіна, — ухмыльнуўся Рыгор.
Ганна зьмяніла міну — навіна не абяцала быць няпрыемнай.
— Кажы пра яе…
— Во, — Рыгор дастаў з кішэні Гэліну пісульку:
— Зямлячка прынесла, Гэля, — ёсьць такая… Неспадзявана — і таму загадліва.
— Чаму загадліва?
— Таму, што зусім нядаўна я спатыкаўся з ёю ў Смагіне, а гэта ўжо яна тут… Але пабачым далей, а цяпер — пойдам у Народны.
— Так… Ну, ты-ж ведаеш, што там за опэра?
— Здаецца, ці не Тарас Бульба? Ды аднакава… Важна…
Рыгор не дасказаў, у чым хавалася гэта «важна». Цеганіна з білетамі, за якімі яму прыйшлося стаць у чаргу, перабіла думкі.
Калі яны ачуліся ў фойэ, Рыгораў настрой вачавідкі падняўся і расхваляваў яго нутро. У тэатр сабралася процьма багатае, шыкознае публікі, якая не па моманце выглядала бясьпечнай і самадавольнай. Элегантныя вайскоўцы выгіналіся перад расфуфыранымі панямі, заліваліся робленым сьмяшком. За сьценамі будынку яны хаваліся ад усяго таго, што было страшнага і праступнага ў царскім маніфэсьце.
Разьзіраючы навакол, Рыгор карцеў жаданьнем выкінуць якую-колечы штуку, хоць блазенскую, недарэчную, але такую, якою-б можна было заставіць вось гэту плойму адваротных яму людзей замятусіцца, узьюшыцца, пачуць, што ў іх пад нагамі — ня цьвёрда. Шэраг казачных комбінацый мігнуў у яго думках, завярцеўся ў шалёным лёце…
— Хадзём, хадзём, ужо трэці званок, — перабіла яго Ганна.