— Добры дзень! — прывіталася яна, паглядзеўшы на Рыгора: — выбачайце, што мама так доўга замарудзіла з гарбатаю… Яна ў нас ахвотніца гаварыць, — перапрасіла дзяўчына, гасьцінна ўсьміхнуўшыся Рыгору.
— Нічога, пасьпею выпіць, — адказаў ён, аглядзеўшы дзяўчыну: — я таксама люблю гутарку, — дадаў.
Але гэта было да слова. Дзяўчына-ж, пэўна, зразумела Рыгораў сказ іначай, бо, падаўшы гарбату, назнарок замарудзіла з выйсьцем: яна перш атрапала настольнік, пасьля паправіла крэслы, пераставіўшы іх з месца на месца, далей стала ўсьцілаць ложак.
— Вось, асталося толькі падмясьці і ўсё ў парадку.
— Дзякую!
Дзяўчына ўсьміхнулася.
— Ах, я і забыла, можа вам падаць малака? — схапілася яна.
— Не, досыць і гарбаты… Хіба ў абедзе…
— А вы калі прыдзеце абедаць?
— Гадзін праз дзьве, думаю… Ды яно для мяне ўсёроўна…
— У нас абед калі хоць… Будзьце ласкавы…
Рыгор ізноў падзякаваў маладой гаспадыні.
Тая завярцелася, як белка, плаўка ды лёгка, і з ціхім напевам вышмыгнула з каморкі.
Рыгор правёў яе ўзрокам і падняўся з крэсла.
У шклянцы на стале асталася недапітая гарбата, а на талерцы — лустачка намазанае маслам булкі.
Ужо сонца пакінула пакой. Толькі адна сьцяна мылася яго адсьветам.
У карчме пабольшваўся гоман. Разварушаныя думкі астудзілі жаданьне хутчэй выйсьці ў мястэчка, і Рыгор яшчэ на нейкі час астаўся ў пакоі.
III
БЫЛО А ДВАНАЦЦАТАЙ ГАДЗІНЕ ДНЯ, калі Рыгор пакінуў свой пакой. Перарваўшы думкі, ён выйшаў з карчмы і пайшоў усьцяж вуліцы, напрамкам да рынку.
Сьвяціла сонца, не атуманенае, зыркае і прамяністае. Дыхала блізкаю вясною. Па бакох вуліцы, рундучкамі, шпарка бурлілі джаролы. Гнядая каламутная вада радасна балбатала аб вясьне. Бурыя, наздратыя кучкі зацалелага сьнегу падмываліся вадою і