Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/189

Гэта старонка не была вычытаная

ЧАСТКА ПЯТАЯ



I

РАСІЯ ЖЫЛА ПАД ЗНАКАМ ВАЙНЫ. З усіх канцоў краіны накіроўваліся да яе заходняй граніцы сотні эшалёнаў салдат, аружжа, адзеньня, ежы. Мільёны здаровых, працаздольных рабочых і сялян адрываліся ад плённае, карыснае працы. Нязьлічоны лік гадзінных адзінак часу кідалася ў бяздонную процьму, на марнатраўства, на загубу жывых людзей. Па асірацелых сёлах затупала апусьценьне, заняпад. На сьвежых пожнях глыбей у зямлю палезьлі карэньні быльля, дзікатраўя. Загойсала здань недастач, разладзьдзя ў хатах. Настаражыліся сірочыя сэрцы ў чаканьні вестак з фронтаў чынных армій. Зацяжна, кружнымі шляхамі паўзьлі яны, акрываўленыя, авесныя сьмерцю, у белых конвэртах, з няроўна выведзенымі літарамі да закінутых вёсак, у сумныя хаты. Цёплыя прывітаньні бацьком, жонкам і дзецям з далёкіх мясьцін стылі ў непрагляднай жудзе, енках і жалю. Нявыразныя сэнсам рэчы, як назвы вайсковых часьцей, аружных умацаваньняў, командных чыноў павісалі ў затуманеных сьлязьмі вачох. Гэтыя вочы выразна бачылі сьляды, па якіх выходзілі з двара апалчэнцы ды ратнікі, а за імі коні, гавяда, збожжа. Попыт на гэту сялянскую вытворчасьць падобіўся некай ліхаманцы, ліхому паветру. Казачная, зданьнёвая вужака-вайна высмоктвала сокі вёскі, абязмоцваючы яе і спустошваючы. Засмучаны небасхіл хаваў сабою і блізкае наступнае і далёкае будучае.

Іначай выглядаў горад. Яшчэ іначай было ў сталіцы. Калі з аднаго боку і тут лунала здань небясьпекі, дыхала атрутаю сьмерці, то побач з гэтым вайна надавала гораду больш руху, вялікшае ажыўленьне, дынаміку. Горад, а асабліва сталіца, зрабіўся бурлівым катлом, у якім кіпелі прагавітыя пачуцьці рознастайнага характару. Шалёна несьліся ўгару акцыі фабрык і заводаў, на якіх пачалася вытворчасьць для патрэб вайны. Шпарчэй