— А што? — бясьцікаўна запытала дзяўчына.
— Пятрусь прыслаў паведамленьне… Я, бок, табе казаў пра Пятруся?
— Казаў… Адазваўся?
— Так, як і трэ’ было чакаць, — ён у доме папярэдняга зьняволеньня… Рыма…
— Рыма?
— Ты-б прыйшла калі, Ганна, я-б цябе зьвёў з гэтай дзяўчынаю… Яна вельмі хоча з табою пазнацца. Што за чалавек!.. Пятрусь…
Ганна стаяла ля акна, і Рыгор не заўважаў, што яна глядзела на гадзіньнік.
— Я прыду ды буду лішняю, тады…
— Ганна!
Рыгор сам не чакаў гэтай неасьцярогі — гук дзвэнгнуў шклом у акне і, напэўна, дайшоў да гаспадыні. Скокам маладога цігра ён апынуўся каля Ганны і спрытным обдымам прытуліў да сябе.
— Ты ня злуешся?
— Вы гарбату будзеце піць, Рыгор Міхасевіч?
Гаспадыня злаўмысна прачыніла дзьверы, і ў вузкай шчыліне блішчэў вагенчык яе шпегаўскіх вачэй.
— Папрашу, калі ласка. Вып’еш гарбаты, Ганна?
— Позна. Я мушу ісьці.
— Цябе чакаюць?
— Чаму-ж мяне, думаеш, некаму чакаць?
— Думаю… Ты злуешся на мяне?
— Я ні на кога ня злуюся, я на сябе злуюся…
— Сядай… Правер той час, у які мы знаёмы з табою. Ці ж калі-кольвечы даў намёк на няўвагу да цябе? Ці хоць раз ты ад мяне чула няўладнае слова? Ганна?..
У яго сьлесарскай руцэ захрусьцела тонкая далікатная рука нядаўняй настаўніцы.
— Я так быў рады, калі стрэў цябе ў гушчы рабочай грамады. Я кінуўся да цябе, як матрос на маяк…
І міна на мужным, суровым твары Рыгора, і сталёвасьць у яго словах, і бляск у ваччу і нахіл яго постаці — усё казала Ганьне — павер, праканайся, заспакойся…
— Можна? Гарбата!
Рыгор адчыніў дзьверы і ўзяў з гаспадыніных рук тацу.