трымала ў пакоі, бяспрытульным і не сваім на гэты раз. Якім чынам усё так зьбеглася нечакана, тлумна і хаотычна, ён ня мог сказаць… Скрыжавалася, зьмятусілася… Рудольф!
Яго пацягнула да акна.
Шэрань. Смуглыя ліхтары. Бяспрытульна. Дзесьці гудзе паравік і звоняць рамізьніцкія шамкі. А ў акопах? «Адзеньце салдата! Холадна ў акопах!» Так, у акопах холадна, а ў палацах — балі… Орэнбург, Перм… Маргарыта, Рудольф…
— Я-ж мушу да Ганны…
Рыгор сярдзіта захадзіў рукамі ў гамузе газэт і кніжак. Закалыхаўся столік, і недапітая шклянка плюхнула на падлогу. Дзвэнгнула…
— Што я… Ды я-ж не абяцаў ёй прыяжджаць… Заўтра паеду… Не ўцячэ…
Роўны лісток паперы абвіўся вакола асадкі, адале пырхнуў і адляцеў на ложак.
«Ганна дарма закруціла»… «Пятрусю трэба пачакаць»… «Што-ж там з мацераю? Ці атрымала яна грошы?.. Сёмка — ані словам»… «Наталя кланяецца… Ах, Наталя»…
Рыгор абярнуўся да дзьвярэй:
Стукаюць?
— Прашу вас!
— Я на адну хвілінку, Рыгор Міхасевіч… Я ўжо даўно зьбіраюся, ды ўсё вам обмаль часу… Парываюся запытаць, а пасьля неяк… Дазвольце прысесьці?
— Калі ласка!..
— А я вам ня буду перабіваць? Вы, напэўна, ужо ня пойдзеце сёньня нікуды?.. Дзесятая гадзіна…
— Калі ласка…
Прыбраная і напудраная, з шырока вылупленымі вачмі, гаспадыня лісьліва глядзела на Рыгора. Таму рабілася цяжка вытрымаць яе ўпарты, нашароханы ўзрок, і ён раз-ад-разу азіраўся на акно. Гаспадыня перашкодзіла яму, але Рыгор ня ведаў, як ад яе пазбавіцца. Намякнуць — не зразумее, сказаць адкрыта — няёмка…
— Я вас слухаю, Сарафіна Хлёраўна, — натужыўся ён.
— Сядайце побач, Рыгор… Нешта перашкодзіць мне сказаць вам…
— Калі ласка…