— Вы ўбачайце мяне, браткі, што так не гасьцінна…
— Ня ўбачым, ні за што, — пажартаваў Рыгор.
— А вы-ж яшчэ чакаеце кагосьці…
Ганьнін адказ пераняўся стукам дзьвярэй — то прыйшлі Камаровы.
Пакоік напоўніўся да адказу. Пяцёра чалавек да разапяты пасярэдзіне столік занялі ўсё яго гала.
— Хто не знаёмы — пазнайцеся, прашу…
Скрыжаваньнем выцягнулася некалькі рук. Паўстаў сьмех, перагаворы…
Ганна замітусілася, ня ведаючы, як гасьціньней уладзіць. Яна памеркавала з крэсламі, падышла да ложку і ўсё не магла вырашыць, як тут лепей. Нарэшце спынілася, праказаўшы:
— Прашу вас заняць месцы за сталом. У цеснаце — ня ў крыўдзе…
— А вы-б мо’ думалі, што мы крыўдзімся? Харошая справа…
Міхась Камар першым залез за стол, а за ім усе другія.
— Мне думаецца, што ўжо павінна чуваць крокі новага году.
Рыгор паглядзеў на гадзіньнік…
— Зараз званіцьме…
Ганна наліла ў чаркі віна і праказала:
— Давайце вып’ем за новы шчасьлівы год!
— Хоцькі-б не абмануў ён нас…
— За хуткую перамогу?
Міхась Камар паглядзеў на Рыгора.
— Над кім і каго? — суха запытаў Рыгор.
— Над немцамі.
— Дык вось: немца рабочага над немцам буржуем і расійскага рабочага над расійскім буржуем… За перамогу над вайною…
— Рыгор! Цябе, я бачу, не навучылі апошнія здарэньні гісторыі… Я бачу, што ты… Во! Гэта-ж мой вучань! — абярнуўся Міхась да Лукі Дарафеіча.
— Ласьне?
— Запытайце… За Рыгу і за мінулае, Рыгор!
— За сьветлую будучыню…
— Я з Рыгорам! — праказала Ганна.
— Ну, вы пад яго ўплывам, дарагая…