Гэля незаўважна для яго распранулася, выбегла дзесьці з пакою і сьледам вярнулася з закуранаю цыгаркаю ды дзьвюмя пляшкамі піва.
— Смага, Рыгорка, забірае. Пі, прашу. Садзіся да стала… Я бачу, што для цябе ўсё гэта нечаканым выглядае. Га?
— Нечаканым, Гэля, і страшным…
— Для рэволюцыянэра ды страшна? Ха-ха-ха! Рыгорка-а?
— Страшным і балючым…
Гэля падала яму шклянку пеністага піва. Пакуль Рыгор падняў яе з стала, яна другую выпіла засаб, зацяжна ахнуўшы.
— Пі-ы, мой добры сябра, пі-ы, мой…
Спрытным повертам яна апынулася ў яго на каленях і абвіла халоднаю рукою яго шыю.
Рыгор скалынуўся і крыху адхіліў галаву…
— Рыго-орка-а! Давялося-а мне-э… Я тады не магла сазнацца — сэрца, ведаеш, ціснула-а… А зараз — ня выцерпела… Або ты не дазнаўся-б, Рыгорка-а? Мусіла-а! Во-а — пасьцель мая — высокая і мяккая, а муляе… муляе, сябра мой дарагі…
Гэля шчыльна прытулілася напудранаю, вялаю шчакою да разгарачанага твару Рыгора. Яе сухія губы правялі па яго лбу халодную істужачку мёртвага пацалунку…
— Ты на мяне злуеш?
— Нічога падобнага… Я цябе шкадую…
— А чаму ты нудны такі? Над чым задумаўся-а? Прыйшоў да дзяўчыны і думаеш?..
Піва палілося Рыгору на прыпол. Ён паднёс шклянку да губ, смакануў крыху і адставіў…
— Разьдзявайся, Рыгор… Ужо нечага далей марнаваць час…
Гэля першаю стала здымаць з сябе памятую, бедную кашульку. З-пад нізка агарсаванай сарочкі паказаліся худыя, плоскія, касьцістыя грудзі. Тонкая шыя слаба трымала вяртлявую галаву.
— Ты ня супроць таго, каб і я тут спала?
— Табе лепі відна, — ціха праказаў Рыгор і падняўся з месца.
Ён не агледзеўся, як Гэля стала перад ім у аднэй сарочцы, ні каліва не саромеючыся.
— Мы-ж разам расьлі, разам гадаваліся… Няўжо ты гнацьмеш мяне, Рыгор, ад сябе?..
Спрытным скокам яна апынулася на ложку і заківала Рыгору пальцам.