Пятрусь ня ўседзеў, а пачаў тупаць па пакоі. Відаць было, што Рыгорава паведамленьне кранула яго нутро.
— Трэба бараніць, Рыгор! Ды ці можна?
— У гэтым наша важнейшая павіннасьць. Я ўжо сур’ёзна заняўся думкаю, каб яе дзе-кольвечы ўладзіць на працу… Жанчына яшчэ можа выратавацца, пакуль бросьня цалкам не зассала… Сама, ведаеш, просіцца… І з такім замілаваньнем успамінае цябе, што нельга не паспагадаць ёй. Першы раз знарок прыйшла да мяне, каб пагутарыць пра цябе… І ўчора…
— Так…
Пятрусь парываўся нешта сказаць, але спыніўся на адным слове. Крутым узмахам рукі ён даў зразумець Рыгору, што на гэтым пара скончыць пра Гэлю. Рыгор пасьпяшыў разагнаць яго трывожлівае пачуцьцё запытаньнем:
— Жыць у Шувалаве, а працаваць думаеш дзе?
— Знайду, Рыгор. На Воздухаплавацельным папрабую ўладзіцца…
— Было-б добра, ведаеш…
Хлопцы яшчэ час аставаліся ў Рыгоравым пакоі, зацята абгаворваючы апошнія здарэньні з рэволюцыйнага і рабочага руху і падзеях па заводах.
V
РЫГОР з вясёлым настроем ішоў на працу.
Уплыў ад спатканьня з Гэляю, доўгія раздумы пра яе лёс — усё знаходзіла ў сабе апраўданьне ў яго яскравых надзеях.
Ён адчуваў у сабе сьвежыя сілы, асаблівую моц. Вось няхай толькі прырвецца да станку — фонтанам палятуць жалезныя стружкі. Станок зайграе стальную сымфонію. Праца апраўдае ўсё.
Яго цягнула ў завод болей, як калі дагэтуль. Сёньня ён павінен сустрэцца з шэрагам знаёмых і абмяняцца з імі навінамі. Ён раскажа пра вызваленьне Пятруся, а сам дазнаецца пра іншыя навіны. Чаго добрага, магчыма пачуе што-кольвечы і пра месца для Гэлі. Новы год — новае жыцьцё. Паглыбленае і пашыранае. Сьмялей-жа на яго хвалі!..
Але што там?
Каля заводу, перад варотамі, зьбіраліся рабочыя. Грамадка іх то ўзрастала, то раставала. Нешта ёсьць?