У пакоі Рыгора чакала сьвежая, толькі што прынесеная газэта. Ён, не разьдзяваючыся, хапіўся за яе і прачытаў важнейшыя навіны дня.
На фронтах адзначалася ўмоўнае спакойства. Побач выдаваліся фальшывыя, падробленыя весткі пра магчымае нямецкае адступленьне з Польшчы.
«Германія напярэдадні банкрунтва».
Усё гэта, знаёмае і перажованае, не супыніла на сабе Рыгоравай увагі.
Вайсковыя падзеі патанулі ў жаху другіх навін. Гэтыя навіны адбыліся ў Італіі. Там разьюшылася стыхія. Магутныя зямляўздрыгі разбурылі шэраг гарадоў і сёл. Дзесяткі тысяч людзей, як няпрытомныя, разьбегліся ў сьвет. Бяздомныя, напалоханыя, пакалечаныя. Сіраты і няшчасныя. Між соцень і тысяч мёртвых целаў, пры выцьці сабак і карканьні варон. У асяродку жаху і зьнішчэньня… Дваццаць тысяч забітых… Вайна і стыхія… Стыхія — вайна…
Рыгор злосна швырнуў на падлогу скамечаную газэту. Распраўнуўся і сеў пры акне.
У яго галаве мітусілася плойма рознастайных думак.
На вачох, адзін за другім, запальваліся ліхтары. Цёмны змрок разьбягаўся ў бакі.
Новы год — новае жыцьцё?
Адказ рабіўся сьлізкім і неўлавімым.
VI
ГРАМАДКА КОНЬНІКАЎ прамчалася наперад і зьнікла за рагавым домам.
Патрулі?
Рыгорава хада стала спарнейшай. Ці то здаецца яму, ці, сапраўды, на Выбарскай шашы многалюдней звычайнага. Няўжо такі ў гэтым заложаны ўплыў дзевятага студзеня? Ды ня відаць паравіка! Было-б цікава, каб ды ён у гэты дзень не хадзіў!
Хутчэй на Выбарскую шашу!
Не, нічога асаблівага.
Вось прамчаўся паравік бітком набіты людзьмі. Найбольш рабочых з ваколіц. Куды-ж, як не на завод, яны сьпяшаюць?
Абапал, тротуарамі — таксама.
То было ўражаньне, няйначай.