Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/256

Гэта старонка не была вычытаная

Ён паглядзеў направа і налева — не распазнаць.

З ператочнай вуліцы раптам выскачыў конны разьезд — новы, другі, ці той самы? Казакі накіравалі да заводу і, пад’ехаўшы, сталі. Мэрам-бы грамада расьце і павялічваецца. Ня пускаюць у завод? Што там трапілася?

Пакуль Рыгор дайшоў да заводу — людзі расьсеяліся. Ён звычайна прайшоў у дзьверцы брамы і ачнуўся на заводзкім дзядзінцы.

Дзевятае студзеня, ці будні дзень?

Сьледам за гудком заварушылася трансмісія і завярцеліся станкі. Шолам, стук, бразгі напоўнілі майстэрні і цэхі, вялікія карпусы заводу.

Побач — Анікей.

— Як-жа ў другіх?

Навін жадных.

І вострае джала разца гоніць спружыністыя стужкі блішчастае сталі. Ад сьцяны да сьцяны — шэрагі прыгнутых сьпін.

— Модлы над забітымі ваякамі?

— Праца на карысьць катаў?

Вось яны.

Перад Рыгорам мігнула фігура палкоўніка. З гары паглядзеў і прайшоў далей. У вачох — пардлівая ўпэўненасьць.

За варотамі — патрулі?

Ды ці ўловяць яны раскалыханыя хвалі пачуцьцяў рабочых да помсты? Ці пяроймуць іх захапленьне да протэсту? Ня чутна і незаўважна пераліваецца яно ў стальным шоламе станкоў па душных майстэрнях. Між стосаў абструганае сталі і скрынак з абітым начыньнем.

— А мы працавацьмем?

— Не сьпяшайся…

Анікей кінуў узрокам усьцяж роўнага шэрагу бліскучых станкоў.

У пераплёце соцень прыводаў хісталіся рабочыя. Крыжаваліся ў ваччу сьпіны з рукамі, галовы з кавалкамі сталі. Проста, як па шнурку, ішоў палкоўнік — контроль — кірункам да конторкі майстра.

— Таварышы, хопіць на сёньне!

Рыгор аддзяліўся ад станка і махнуў рукамі направа і налева.

Раптам вырас лес галоў. Дзесяткі ўзрокаў накіраваліся ў Рыгораў бок. У момант — запруджаны праход кішэў людзьмі. «Канчаць