— За Першае мая — са здавальненьнем… За тое, што Пецярбург дапомніў каму сьлед, што фронт не канчаецца там, дзе пачаўся…
— Гэта як разумець?
— Пецярбург сёньнека быў працягам фронту, во…
Рыгор падаў Міхасю газэту, паказваючы на зацемку «Вайна і першае мая».
Міхась уважліва прабег вачыма па радкох паказанага зьместу і зьдзіўлена паглядзеў на Рыгора.
— Дзьве тысячы — на пяцьсот тысяч рабочых — гэта ня многа. Адных Рыгораў знойдзецца болей…
— За тое, кожны з гэтых дзьвюх тысяч ёсьць іскра, якое не згасіць сотням Міхасёў…
— Не дачасна, Рыгор, не дачасна… Глядзі во, як, тразьвейшыя нас францускія соцыялісты робяць… Нават нашы суседзі, фінляндцы…
Праслухаўшы перагаворы мужчын, Камарыха тужліва зауважыла:
— Бедныя, не падзяліць вам, я бачу, знойдзенага багацьця… Хі-хі-хі! Грызуцца ды ні рады… Пеце гарбату, ды…
— Рыгор павінен начаваць сёньня ў нас. Добра?
— Тады вы паб’ецеся, чаго добрага, калі часамі…
— Добра, Рыгор?
Рыгор нейкі час падумаў, паглядзеў на гадзіньнік і ўпэўнена адказаў:
— Дзякую, калі не ў дазол — чаму-ж не… Хоць Міхасю прыкра будзе хаваць свайго супярэчніка…
VIII
НАЗАЎТРА РАНІЦОЮ Рыгор з Міхасёвай кватэры паехаў проста на завод. Яму вельмі рупіла хутчэй пачуць, чым і як адаб’ецца ўчарайшае сьвяткаваньне на далейшых яго стасунках з заводам. У нутру мулялася нядобрае адчуваньне, але Рыгор не патураў на гэта.
Адмечаныя бульварнаю газэткаю дзьве тысячы забастоўшчыкаў упісалі новую, сьветлую старонку ў кнігу вялікага і крывавага змаганьня за справу працоўных. Куды, сапраўды, задумоўвацца над сваім уласным лёсам?