Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/358

Гэта старонка не была вычытаная

ў двор, лавілі тэхнікаў, дзесятнікаў, старшых і радавых рабочых з атраду, умольваючы іхнай дапамогі ў прыёме ў атрад.

Шчыльнае сутыкненьне з непасрэднымі праявамі ваеннай завірухі ў спакойнай вёсцы нэрвавала Рыгора. Ён не знаходзіў тут жаднае спробы супярэчаньня яе гібельнаму разгортваньню. Знаходжаньне каля фронту дазваляла наглядаць жывы вобраз адступленьня цэлае краіны.

На зялёных нівах з буйнымі ўсходамі ярыны, з густым жытам, на расквітнеўшых паплавох — ня гулялі надзейныя ўзрокі земляробаў. Смутнае нявер’е насілася над імі ў хмарах пылу, які днём і ноччу ўздымалі на шляху бежанскія падводы.

На сьценках і межах, што перасякалі ўдоўжкі ды ўператоч вабраныя руняй нівы, тупалі адзінотныя, заклапочаныя людзі, болей жанчыны і дзеці. Дбайныя рукі страцілі рухавасьці — яны не цягнуліся да раскіданага каменьня, каб зьняць яго з нівы і кінуць на дарогу. Неаполаная сьвірэпа жаўціла палоскі шырокалістага ячменю. Часьцей ды часьцей забягала ў збожжа гавяда, топчучы яго, выбіваючы. А папар, забыты плугам, зарастаў густым пырнікам.

Рэдка-рэдка прытупленыя ад леташняга нарогі ўздымалі яго дзярыну…

Людзі з вёсак, з двароў зачасьцілі ў мястэчка. Там пошта, там сьвежыя навіны, там можна агледзецца, як быць далей. Да чаго поле, хаты, праца і клапоты звычайнага дня, калі мо’ вечарам, мо’ а поўначы ці раніцою на заўтра кінеш усё гэта і — у дарогу.

Сям’я ў сьвет, а зацалелы гаспадар — на вайну. На вачох выразны прыклад. Ехалі людзі з-за Вільні, зараз едуць з-пад Вільні. А многія з іх, напэўна, не чакалі таго і аралі папар, кляпалі косы, магчыма, раўнялі ток у гумне.

Для каго і навошта?

Навошта гэта тады, калі ночы спакойна не прасьпіш, каб не паглядзець дзесятак раз у акно.

І ноч-у-ноч цёмнае неба, выдае надыходзячыя жахі: яно прамянее над Ступінскім лесам. З гадзіны на гадзіну чакаеш страляніны. Фронт рухае на Менск.

У газэтах трывога — большая і страшнейшая ў лістох з фронту.