— У чым справа?
— Выбачайце! Я думаў мы зрэпэтуем гэту сцэну яшчэ раз…
— Пасьпеем, — падаў Лазар і адвярнуўся да кампаніі.
— У вас яшчэ мае быць спэктакль? — запытаў Рыгор.
— Сягоньня пакідаем Смагін… Разьбярэш з імі…
— Так хутка?
— Знача за стрэчу і за растаньне?
Сроль кіўнуў Рыгору, і ўсе ўчацьвярых выпілі налітыя чаркі…
— Закусеце! Прашу вас… Бо калі зноў сустрэнемся — няведама…
— Сустрэнемся, Гэля, — перабіў Рыгор: — нябось, ты ня думала пра Смагін, а між тым…
— Паверыш, ніколі ня думала…
— Дарогі крыжуюцца…
— І заплятаюцца вузламі.
— Паверыце, сьмяялася, калі Сёмка перадаваў табе, Рыгор, уклон:
«Угледзіш, Гэля, і прасі яго, каб ён забраў мяне»…
— Гэта Сёмка так?
— А то-ж бо то… Зямля вымусіць… Мо-ж памятаеце, як ён біўся з бацькам над сваім мізэрным гаспадарствам. Мука адна…
— Соцыялізацыя запазьнілася, — пажартаваў Сроль.
Яго сказ астаўся незразумелым ні для Гэлі, ні для Лазара, і ён тут-жа паабяцаў:
— За лепшую будучыню!
— Дачакаешся!
— Што за неймавер’е, Гэля! — папікнуў Рыгор.
— Калі мяне ня радуе нічога.
— І твае посьпехі на сцэне? — запытаў Сроль.
— Вот ужо жывое насьміханьне.
— Дайце рады — ніколькі…
Гэля з адбіткам самаздавальненьня на твары ўстала з месца, паправіла на сабе скамечанае адзеньне і падліла ў шклянкі піва.
— Не саромейцеся…
— Нашла каго сарамаціць…
— Я думаю… А Сёмку, хлопцы, трэба выручыць… Яго Сілцы зассуць дарэшты…
— Але, па-мойму, ён ня здатны іх пакінуць… Каб на іншага, ужо даўно можна было-б на іх махнуць рукою.
— Ня кожны гэта можа зрабіць…