Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/367

Гэта старонка не была вычытаная

Кіраўнік памаўчаў.

— Я перадам Памыйку.

— Вы зробіце добрую справу, Яўген Віктаравіч!

— Так… Гутарце з Паўлам — няхай пасьля ён мне прыпамятае…

— Дазвольце падзякаваць!

Стук дзьвярэй скраў якісьці сказ кіраўніка. Але Рыгор незалежна ад гэтага абнадзеіў таварыша магчымасьцю для яго застацца ў дарожным атрадзе.

Узрадаваны гэтым, Сёмка аддаў Рыгору шчырую падзяку і ўжо назаўтра раніцаю старанна насіў з лесу на дарогу цяжкія, пахучыя смалою, хваёвыя фашыны.


VIII

— ДЗЕСЯТЫ ДАРОЖНЫ АТРАД, кажаце? Хто яго ведае, які ён — стаіць, вунь, у тым двары…

Вазьніца паглядзеў на седака і шыбчэй пагнаў каняку.

Змочаная за ноч дарога зацягала глыбока ў гразь і каня і калёсы.

— Няма рады ды годзе-э! Што гэта вайна навычварала з дарогамі!.. Зарабо-откі-ы, каб іх агонь спаліў!

— Незавідныя, дзядзька, я ведаю.

— Чаго-ж вам у гэтую глуш?

— Справы.

— Цікава, каб ды ў нас былі для вас, якія-кольвечы справы. Можа хіба ў госьці да каго?.. А вы ня з фронту, часамі?

— Па дарозе на фронт…

— Эх!

Вазьніца шчыра хвасянуў каняку.

— Гэтыя маладыя, слаўныя — толькі што жыць, а, чаго добрага… Фронт, каб ён праваліўся скрозь зямлю з тымі, хто яго выдумаў!.. Б-ба-ц — няма-а! Няўжо вы ахвотна, чуеце?.. Нно-а-а, малы!

— Трэба памагаць раненым, дзядзька!

— Падмога-а! Як кашаль хваробе…

— Гой, ды што вы такі неймаверны?

— Згубіў, чуеце, усякую веру… Зьняверышся, калі цябе-э… Направа-а, там!