Заклапочаны ад’ездам артыстаў, ён не абмінуў паскардзіцца Рыгору з Сролем на сваё пагоршанае, у зьвязку з гэтым, становішча.
— Вось так і жывеш — выпадкамі, толькі выпадкамі, — разьвёў стары рукамі: — лёс прынясе добрых людзей — і з тэю-ж раптоўнасьцю іх забірае… Каб у яго было болей літасьці да мяне старога — магчыма-б і я мог крыху акрыяць… А то… І мне добрыя людзі трэба, трэба яны і Крамнікам, ды яшчэ і іншаму каму… Ці-ж гэта не вядомая рэч?..
— Ня стрэўшы адказу, ён абярнуўся да Лазара:
— Вось вам, калі ласка, рахунак…
Узяўшы з рук Міхеля кавалачак сьпісанай паперкі, Лазар пачаў лічыць грошы. Лічачы, ён не заўважыў, калі Рыгор з Сролем выйшлі з пакою. Праляцелі ў яго між вушшу і апошнія пажаданьні посьпеху, пасланыя імі Гэлі…
Толькі праз акно ён прыкмеціў беглае прамігненьне пары чорных кропак — якія прадстаўлялі голавы Рыгора і Сроля. Яны схаваліся за сьцяною ўправа, у бляску расчырвоненага променю, што, паказваючы на мароз, сонца ліло яго ў разварушаную каморку.
VII
КАЛІ РАЗЫХОДЗІЛІСЯ па хатах, Сроль паабяцаў Рыгору яшчэ з тым-сім пагутарыць пра работу.
— А ты мне паведаміш пра вынікі твае гутаркі?
— Можна нават і сёньня.
— А, сапраўды, заскоч вечарам.
— Пастараюся.
Думкі аб працы чамусьці нямоцна мулялі Рыгора. Праведзены ў Гэліным пакоі час разагнаў буднія клопаты. Іх вострасьць паслабляла згладжваць і тое, што Рыгор меў выпадак напаткаць у Смагіне Сроля. У выпадку зацяжнага безрабоцьця — ён ведаў — Сроль нойдзе магчымасьць выручыць яго. Праўда, Сролевы намёкі на небясьпеку з боку поліцыі сулілі іншы паварот у справах. Але яго сёнешні настрой не паказваў на сур’ёзнае становішча. Ды застань яно Сроля зьнянацку — Рыгор патрапіць абмацаць цьвёрдую глебу пад нагамі.
Прынамсі, ідучы да сябе, Рыгор не адчуваў жаднае трывогі за блізкае наступнае. Наадварот, навееныя праведзеным днём