— Калі я не застануся нанач на службе, то папрашу вас… Прыгатоўце, на ўсякі выпадак…
— Што мне гатовіць — у мяне заўсёды напагатове… А вы-ж, сястра, ключ перадалі гаспадзіну?..
— Так…
Нізкая жанчына адчыніла ім дзьверы і праказала пажаданьне:
— Гуляйце наздароўе!
— Гэта гаспадыня? — пацікавіўся Рыгор.
— Але…
— Цікавая асоба…
— Кінулася ў вочы?
Яны прайшлі на Губарнатарскую, пасьля завярнулі па Захараўскай.
Тротуары абедзьвюх вуліц былі ўсеяны людзьмі. Вакол адчуваўся фронт, што дапамінаў пра сябе вялікаю колькасьцю ваеншчыны, вайсковага чыноўніцтва і салдат.
На рагу Губарнатарскай і Захараўскай стаялі грамадкі людзей, якія задзіралі галовы ўгору і тыкалі пальцамі ў неба. Хлапчукі газэтчыкі драліся на ўсё горла, выгукваючы апошнія навіны з фронту. Сярод розных паведамленьняў са штабу галоўнакомандуючага, празвоньвала вушы вестка пра налёт нямецкага аэропляну.
«Аэроплян над Менскам. Ааррапп-янн-н-над Ме-эн-скаам!».
Ліба падвяла Рыгора да Захараўскага завулку, паказала на дом, у якім мясьцілася харчоўка, а сама пайшла далей.
Рыгор прайшоў у нізкі цемнаваты пакой, у якім было расстаўлена да дзесяці засланых белымі скацерткамі столікаў.
Ужо была другая гадзіна, і людзей у сталоўцы знаходзілася нямнога. Дзякуючы гэтаму ён выбраў рагавы столік і заказаў сабе абед. Маладая паўнатварая, пачырванелая падавальніца са знарочыстай ухмылкай і з дбайлівасьцю падала яму адну за другой тры стравы. Усе яны прышліся Рыгору да густу, і ён пахваліў падавальніцу харчоўкі. Яна нічога не адказала і з тэю-ж замацованаю раз назаўсёды ўхмылкаю адышлася ў другі куток ды прысела.
Седзячы, яна раз-по-разу глядзела на Рыгора. Гэта яго заінтрыгавала, і ён дазволіў сабе падысьці да падавальніцы і запытаць:
— Мне здаецца, што я вас дзесьці сустракаў.