— Вы чулі? — адцягнуў іх увагу гаспадар кватэры, няпрошана ўбегшы ў пакой. — Паўсталі два палкі — Валынскі і Пецярбурскі…
— Ласьне? — зьліліся ў адно запытаньні Рыгора і Лібы.
І не пасьпелі шавяльнуцца гаспадарскія губы для адказу, як Рыгор ужо апынуўся на сходах, лятучы ўніз.
Праз пару хвілін ён мігнуўся ў Лібіным ваччу, прабягаючы між будынкаў, направа. А калі Ліба выйшла на вуліцу, Рыгора ўжо ня было відаць. Ён згубіўся ў тэй сумятні, якая заліла шырокія роўныя лініі Васільлеўскага вострава.
Напрамкам да проспэкту беглі разам і па адным мужчыны, жанчыны, юнакі.
Месцамі, перасоўваючыся, гуртаваліся і на вачох раставалі гурткі, грамадкі, натоўпы людзей.
Дзесьці чулася напеўнае, урачыстае «гура!»
Агульная разьюшанасьць і сумятня падхапілі, як на скрыдлы, Лібу, і лёгкаю, ветранаю хадою панясьлі яе ўсьцяж вуліцы.
Апынуўшыся на Сярэднім проспэкце, яна заўважыла шырокую празрыстую пляміну агня — то гарэў дом папярэдняга зьняволеньня.
Туды, да яго несьліся радасныя гукі людзей, працягваліся разьнятыя рукі, нахіляліся разгойданыя постаці.
Промін не даваў ёй спыніцца, падбіваў бегчы за ўсімі, у які хоць бок, абы хутчэй апынуцца ля яго… Бегчы і сьпяваць, або гукаць, абсыпаць усіх шчырымі, цёплымі прывітаньнямі, ласкаю і неабмежнай удзячнасьцю…
На нейкі час яна забыла пра Рыгора, адчуваючы вакол сябе дзесяткі, сотні і тысячы блізкіх, родных прыемных людзей.
Пасьля ў яе нутры раптам успыхнула пякучае жаданьне ўгледзець яго каля сябе, абняць, як таварыша, і пацалаваць самаадданым пацалункам — у адплату за яго доўгагадовае напружанае змаганьне…
Бягучы далей, Ліба нэрвова, напружана азіралася вакол, шукаючы Рыгора ў раскалыханым людзкім моры. Загледзеўшыся, чуць не папала пад аўтомобіль-грузавік, які спыніўся ў двух кроках ад яе, гледзячы плотам вострых штыкоў.
Ліба падалася ў бок, але ў заціхаючым «гура» пачула:
— Ліба Шлёмаўна!