Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/95

Гэта старонка не была вычытаная

Адзін чамусьці дапускаў мірнае вырашэньне аўстрыяцка-сэрбскага інцыдэнту, спасылаючыся на пэрманэнтную вострасьць Балканскага пытаньня. Другі няўломна стаяў на сваім — вайна нямінуча. Ён спасылаўся на шэраг прыкладаў з галіны экономічных супярэчак і даводзіў, што Балканскі вузел павінна расьсеч вайна.

— Няўжо такі Аўстрыя незадаволіцца выпаўненьнем Сэрбіяй ультыматуму? — пытаў першы свайго таварыша.

— Пра гэта ня можа быць і рэчы. Сараева — сыгнал да выступленьня, а ня звычайны выпадак. Гімназіст Прынцып таўхнуў воз, які стаяў на краю гары, і яго не пераняць цэлым, — даказваў другі —… Паляціць у правальле…

— Ці ліха! Няўжо іх не атрэзьвяць жахі вайны? — сумняваўся першы.

— Сэрбія, каб і хацела, ня будзе дапушчана яе апякунамі пайсьці на пакорную, — увяраў другі.

— Магчыма ультыматум і завостры, каб яго выпаўніць, — здаваўся першы.

«Ультыматум» — то былі пазьнейшыя тэлеграфныя весткі, пра якія Рыгор даведаўся з гутаркі гэтых пасажыраў. Гэта ўжо заганяла здарэньні далей, выразна акрэсьліваючы сур’ёзнасьць бліжэйшага наступнага.

Самы пэнт разьвіцьця падзей і нахіл, куды ішло гэта разьвіцьцё, зноў запаланілі Рыгора. Ён ня мог далей моўчкі слухаць і прыняў удзел у гутарцы сваіх суседзяў.

— Гэта калі Аўстрыя падала ультыматум? — запытаў ён.

— Стала вядома сёньня раніцою! Вось, чытайце!

Сусед падаў Рыгору газэту, ткнуўшы пальцам у чорныя радкі зьместу. Рыгор прагна накінуўся на зьмест і засаб некалькі разоў прачытаў паказанае месца.

— Ага! — выказаў ён. — Скажэце, як усё хутка робіцца!..

— Пажар… Ды пры ветры!.. Цяпер можна сьмела гатавацца ў паход. Аўстрыйскі ультыматум — гэта ўжо вайна… Ды ў нас мобілізацыя на хаду. Настрой ясны…

— Настрой за вайну, кажаце? — перапытаў Рыгора, мэрам-бы не зразумеўшы суседавых слоў.

Той зьдзіўлена паглядзеў на Рыгора.

— Я не бяруся вам характарызаваць грамадзкага настрою. Я разумею настрой урадавых колаў. Грамадзкасьць пасьля выявіць свой твар. Пакуль яна абурана хадою падзей і перажывае