Старонка:Звон вясны (1926).pdf/32

Гэта старонка не была вычытаная

І каціліся песьні далёка,
Рассыпаліся й ніклі ў глыбі…
Ой, пастушка мая сінявокая,
Ці-ж цябе я тады ня любіў?
Зьнікла ўсё… толькі мары цяпер
Навяваюць халодны сум.
І пяром, бы касой, на паперы
Я ў пракосы кладу травы дум.
І радкі, бы забытыя сьцежкі,
Палыном, як тады, абрасьлі…
Сыплеш, мілая, ціхія ўсьмешкі
Сёньня ты, як вясною са сьліў.
Знаю я — ты пастушка далёка…
З кім я радасьць вянком завію?
Ой, дзяўчына мая сінявокая!
Ці-ж забуду прыгожасьць тваю?
Тут зіма і у сковах марозу,
Чуць дрыжаць ля азёраў кусты.
Хай ад ветру сумуюць бярозы,
Толькі памяці век не астыць!
Тут зіма і ня першы сьнег
Я у сьцежках другіх тапчу…
Ад таго і з бяроз, як у сьне
Іней радасьці выпіць хачу.