Старонка:Звон вясны (1926).pdf/54

Гэта старонка не была вычытаная

ОЙ, ПАЙДУ Я…

Ой, пайду я ў лес хваёвы
Ды сасонкай стану…
Хай праменьнем жар-хмялёвым
Абаўецца стан мой…
Паплыву я лугам, лугам
У хвалях зеляненькіх…
Пашукаю ветра друга
Ў лёне ды гусьценькім…
Глянь, як поле шчасьцем марыць
Ў васількох жытнёвых…
Дражніць сонца — дыша жарам,
Сыпле цьвет ліповы.
Гэй, прымчыся, ветра-дружа,
Там за лесам-гаем
Пакупаемся у ружах,
Сонцам заіграем….
Захвалюем рэчкай звонкай,
Песьняй заструменім…
Па галінках хвойкі стромкай
Шуганём праменьнем!..