Старонка:Зорнасьць (1927).pdf/19

Гэта старонка не была вычытаная

НА СХОДЗЕ ДЗЁН

Бельлю апошняю вуліца беліцца,
Буйных сьняжыначак лётае цьма,
О, ўжо нядоўга працягне мяцеліца,
О, ўжо нядоўга працягне зіма.
Хоць яшчэ сівер часінамі бэсьціцца,
Ноччу палохае вуліцы ціш, —
Днямі-ж агністыя промені песьцяцца,
Грэючы неба прасторную выш.
Штодня ўсё ніжай і ніжай спускаюцца,
Штодня мацнеюць агністасьць і жар,
Штодня адважней зямлі дакранаецца
Сонца — вялікі жыцьця гаспадар.
З ленасьцью, нехаця ўюцца і сьцелюцца
Роі сьняжыначак — толькі дарма, —
Іх ня ўтрымае ўжо болей мяцеліца,
Іх ня ўтрымае ўжо болей зіма.
Хутка, ўжо хутка пад ласкай праменнаю
Ўсе пазьнікаюць у хвалях яны,
Бо ўжо прыходзіць пара пераменная —
Чуцен ўжо подых і ласка вясны.

1924 г.