Старонка:Зорнасьць (1927).pdf/25

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАВІЛАСЯ МЯЦЕЛІЦА…

Завілася мяцеліца ў косы
І лявоніху скача на полі…
Сьцеле сьнег свае белыя кросны,
Вецер сьвішча, гуляе, сваволіць…

Не пазнаць, дзе дарога, дзе межы, —
Ўсё зьлілося ў адзіную постаць…
А мяцеліца сьнежыць і сьнежыць
Легіёнам срабрыстых пялёстак.

Дык гуляй-жа, мяцеліца, ў полі,
Заплятай мне сьняжыначкі ў косы,
Бо люблю я тваё сваявольле
І бялявасьць тваіх пракосаў.

Вецер, грай сваю песьню вясельля —
Няхай струны сьмяюцца, скавычуць!
Повен радасьці я пахмельлем —
Хоць другому магу пазычыць!