Старонка:Зорнасьць (1927).pdf/30

Гэта старонка была вычытаная

У ЛЕСЕ

I

Раскінулі дрэвы даўжэзныя цені,
А лес неўгамонна шуміць і шуміць…
О лес мой зялёны, мае лятуценьні
У гоман, у шум свой прымі!

Няхай я здалёку здаюся чужынцам,
Але я цябе не забыў.
Ў кустох тваіх колісь зьбіраў я ажыны,
Суніцы зьбіраў і грыбы.

Тваёю гамонкай і шумам зялёным
Будзіў я нямала надзей і трывог
І песьню сваю пра цябе аж да сёньня
Я высьпеваць, скончыць ня мог.

Усё яшчэ песьцяць цяпер, як і колісь,
І шум твой галосны і цень.
І я не забуду, павер мне, ніколі
Пра дзень твой ўчарашні — мой дзень.