Старонка:Зорнасьць (1927).pdf/36

Гэта старонка не была вычытаная

УСЁ, УСЁ ПАЎСТАЛА ПРАД ВАЧЫМА

Усё, усё паўстала прад вачыма,
А блізкае больш стала дарагім.
Бярозка шле паклон — нібы дзяўчына,
Стуліла рэчка плечы-берагі.

А лес шуміць — шле прывітаньне другу,
А кожны куст прытулак мне дае.
Пазналі вы бяздомка, валацугу,
О, родныя, о, мілыя мае!

Вось гэта ўсё ня здрадзіць мне ніколі,
Бо гэта ўсё — аб чым баліць душа.
І вось цяпер, калі цьвітуць куколі,
Сябе к маўчаньню нельга прымушаць.

Сьпяваць хачу падобна гэтым клёнам,
Што нада мной раскінулі шатры
І воблікам чаруюча-зялёным
Завуць мяне, каб сьпеў іх паўтарыць.