Старонка:Зорнасьць (1927).pdf/65

Гэта старонка была вычытаная

ЗУРНА

Ах, зурна! Гэта —тая-ж жалейка
У непадкупным яе харастве.
Вабіць соладам, шчырасьцю нейкай,
Зыкам новым, нязнаным заве.

Нешта лезе знаёмае ў вушы,
Мне здаецца — жалейка з лазы
Расчыняе прад кімсь сваю душу.
Ах, люблю і цяпер гэты зык!

Многа часу ужо прамінула,
Многа плыні унесьлі вады.
Разьвітаўся я з вёскаю чула
І пайшоў вандраваць ў гарады.

Ўжо ня чую жалейчыных сьпеваў я,
На жалейцы забыў іграць сам,
Ўжо ня шэпчуць калосьсі мне сьпелыя,
Ня зьвініць мне у лузе каса.