Старонка:Зорнасьць (1927).pdf/74

Гэта старонка была вычытаная

РАЗЬВІТАНЬНЕ

Разьвітаньне вам, горы Каўкаскія,
І крыніцы жыцьцёвай вады!
Надаралі вы цёплаю ласкаю,
Варушылі вы ў сэрцы уздым.

Захапляўся я воляй арлінаю,
Захапляўся прыгожасьцю чар.
А цяпер ужо за кожнай хвілінаю
Адчуваю, што я — не ўладар,

Толькі госьць, час якога ўжо скончаны,
Жыць якому хвіліны — ня дні.
Вось таму я так моцна ўсклапочаны,
І ў душы разьвітаньне зьвініць.

Шмат чаго перажыць давялося мне,
Шмат чаго і ня зьведаў яшчэ.
Але сэрца зьвініць сугалосьсямі
Усё ямчэй, і ямчэй, і ямчэй.