Старонка:Зорным шляхам (1932).pdf/24

Старонка праверана

∗       ∗

Спляліся цені — попел змрокаў
Пасыпаў сосны і кусты…
Ўнізе, над местам вагнявокім,
Пераліваюцца вагні…
За намі лес шуміць напеўна,
А вецер лашчыцца… бунтар…
Як быццам пэрламі князеўна —
Свой запаляе места твар.
Вагні… вагні… і шум мястовы
Зачаравалі нас, бы ў сьне…
Павабна маняць места зовы
Загінуць у людзкой таўпе…
Цямней… цямней… — сьцяною чорнай
Зьліліся сосны і кусты…
А унізе, ярчэй, узорней
Пераліваюцца вагні…

Ліпень, 1930.