Старонка:Зорным шляхам (1932).pdf/36

Старонка праверана

∗       ∗

З кута на хату вышчарылась
Печка, як чорны кот…
На сьценках мухі рояцца,
Як бы на нейкі сход…

А побач у парадачку
Вартуюць рагачы…
Хтось стогнучы — гаворачы
Разьлёгся на пячы.

Праз вокны зачарнелыя
Ўрываецца вясна…
Чарпаюцца ў шыбіны
Праменьчыкі сьвятла…

У садзе сьвішча, чохкае
Вясёлы салавей…
На печцы нехта вохкае
І стогне ўсё мацней…

1929 Пружаны.