ным кірунку Беларусь рабілася аб’ектам агульна-польскай нацыяналістычнай экспансіі. Навачасная капіталістычная Польшча варочалася на Беларусь задзічочаным фронтам — ад магната да пэпэсоўца».
У разьдзеле 8-ым свае кнігі аўтар разглядае «Западно-руссизм пры канцу ХІХ в.» «Барацьба за Беларусь — кажа аўтар — паміж расійскім капіталам і польскім панам, адноўленая па вялікім перапынку на пачатку асьмідзясятых год, павінна была раскрыць перад «западно-руссизмам» найражавейшыя пэрспэктывы… Радасны настрой падмацоваваўся цэлым сьцягам фактаў… быў закладзены «Крестьянский поземельный банк» (1882 г.), было прынята палажэньне пра сынадальна-царкоўна-прыходзкія школы (1884 г.)… у Вільні было адноўлена гэнэрал-губарнатарства, на чале з «вполне русским» ген. Троцкім; на гэнэрал-губарнатарскім пляцу ў тэйжа Вільні быў ізь вялікай урачыстасьцяй пастаўлены помнік Мураўёву, закладзены й «Мураўёўскі музэй» — «фабрыка отечественных патриотов», — як сказаў адзін із сучасьнікаў, і г. д… На Беларусі, здавалася, варочаўся знаёмы мураўёўскі рэжым, усюды узноў «пайшла мода на Мураёва» (167-68).
«Аднак надзеям западно-руссов» і на гэты раз ня суджана было спраўдзіцца» (168). Аўтар адлі ў цэлым разьдзеле разглядае прычыны гэтага.
Як «западно-руссы», так і расійская адміністрацыя ўважалі, што абрусіць Беларусь можна толькі прапусьціўшы новае пакаленьне цераз расійскія пачатныя школы, вучыцельскія сэмінары і вучыцельскія інстытуты (268). І праўда «маса, канчаючы стары вучыцельскі сэмінар, выходзіла адтуль патэнтаванымі русыфікатарамі»; але былі адзінкі сярод «народнае сялянскае інтэлігенцыі… якія па сэмінару ня чураліся «мужыцкіх» інтарэсаў. Сярод іх «знайшла сабе прыхільнікаў ідэя нацыянальна-культурнага й палітычнага адраджэньня Беларусі». Аўтар паказуе як гэта ставалася (269–274). Дзеля ілюстрацыі, як нацыянальна ўсьведамляліся гадунцы вучыцельскіх інстытутаў, ён прыводзе таксама цытаты з успамінаў И. Бантыша «Старая Вильна» 1884–1906, што былі ў рукапісе ў рэдакцыі «Полымя». Бантыш, між іншага, пісаў: «У Віленскім інстытуце ўсе гадунцы ягоныя мелі магчымасьць карыстацца архівамі ў вялікай публічнай біблятэццы, а таксама ў музэю. Вучыцельскі пэрсанал інстытуту ўходзіў у «Комиссию по разбору древних актов». Гадунцы ягоныя таксама прымалі ўдзел у дасьледаваньню й аглядзе гістарычных дакумэнтаў. Такім парадкам, ім, Беларусам, зусім ясным рабілася законнае гістарычнае права Беларусі і на Смаленск, і на Вяліж, і на Невель, і на Сураж, і на Аўгустоў… Яны бачылі, што Пранціш Скарына — першы друкар беларускі й славянскі… распачаў друкарскую справу ў Вільні й Полацку. Вось адкуль пайшоў культурны друк. І вось акт за актам, ліст за лістам слухачы інстытуту бачаць, што беларуская мова была абавязкавай у старым «літоўскім» гаспадарстве…» (272). Гэта была адна прычына неўжыцьцяўленьня спадзёваў «западно-руссов».
Другая прычына ляжала ў сфэры іхных дачыненьняў да Расіі. Як ні дзерліся «западно-руссы» із сваім расійскім шавінізмам, Расійцы іх ня прызнавалі за запраўдных Расійцаў і ім ня верылі. Расія патрабавала мноства ўраднікаў, і «западно- руссы» спадзяваліся, што яны пазаймаюць першыя месцы ў Беларусі, але з гэтым «Пецярбург не згаджаўся». «Як пры Мураўёву, так і цяпер, кіраўнікі расійскае палітыкі не маглі паручыць долю краю «западно-руссам», каторыя, хоць і былі шчырымі служкамі вялікагаспадарствавае расійскае нацыі, але самі… да гэтае нацыі не належалі. Пры новай «модзе на Мураўёва» стары пагляд на «западно-руссов» заставаўся ў гэтым сэньсе да сьмешнага аднолькавым. Як просьле паўстаньня, так і цяпер пад канец веку «западно-руссы» былі ў вачох Пецярбургу падазроным элемэнтам» (175).
Аўтар прыводзе праграму абрусеньня Беларусі, каторую ў 1887 г. ясна выказаў у «Новом времени» ідэялёг расійскіх русыфікатараў Б. Салаўёў. Я прывяду за аўтарам некаторыя месцы з гэнае праграмы. Салаўёў пісаў: «Ад аднаго павялічэньня праваслаўных цэркваў праваслаўе ня ўзмоцнілася, дзеля гэтага ня зроблена было нічога. Пачаць із таго, што праваслаўе ня можа праводзіцца ў жыцьцё сьвятарамі зь мясцовых урадзімцаў…
«Застаецца пагаварыць пра народныя школы. Школаў гэтых у заходніх губэрнях больш, чымся ў расійскіх. Апрача таго, ёсьць ладны лік вучыцельскіх сэмінароў. Здавалася-б дзеля гэтага, што школьная справа магла-б памагаць дасьпехам абрусеньня, але й тут мы далёкія ад пастаўленай мэты. Прыслухайцеся да мясцовай мовы, якой размаўляюць гадунцы мясцовых школаў і навет гімназіі, і вы будзеце зьдзіўлены асаблівасьцю націскаў — злучэньням словаў і тэрміналёгіі… І зразумела чаму. Як у народных школах, так і ў гімназіях вучыцялі й вучыцелькі — мясцовыя ўрадзімцы. Тут часта можна сустрэць ня толькі вучаньніка народнае школы, але й гімназіі, які піша «трапка», замест «тряпка» і г. д., не па апісцы або абмылцы, а таму, што так кажуць і пішуць усе туташнія. Скончыўшы народную школу, вучаньнікі, як і ўперад, завуць Тройцын дзень — зялёным сьвятам. Усьпеньне — Першай Прычыстай і да г. п…