гі) да расійскага грамадзтва «прысьці з памогаю Заходня-рускаму краю» — сустракаліся гэтым грамадзтвам вельмі сьцюдзена. «Дарма што былі пазваньні й выклікі куратарамі і цераз газэты, даўгі час не зьяўляліся ахвотнікі займаць месцы ў Заходнім краю», наракае Карнілаў.
Прычыны гэтае зьявы зьясьняюцца вельмі проста: служба ў Заходнім краю вымагае ад Расійца большае працы, энэргіі й такту, чымся ў цэнтральных губэрнях. Самае жыцьцё ў паветавым месьце або ў бедным мястэчку, воддаль ад усяго роднага, сярод людзёў, чужых вераю й перакананьнямі, а вельмі часта проста варожых ёсьць мала пацяшаючым. Вонках службы жыцьцё расійскага ўрадніка («чиновника»), поўнае трывогі й няпрыемнасьцяў, абмежуецца вельмі вузкімі рамкамі радзімнага або таварыскага грудка» (137).
Адзіная магчымасьць прынадзіць да Беларусі на службу Расійца — было даць яму як мага большую пэнсію. «Грошы, — вось чым замест ранейшай ідэйнасьці і патрыятычнага служэньня інтарэсам імпэрыі — пачаў заахвочаваць Мураўёў а Карнілаў расійскае вучыцельства а ўрадніцтва. «Вестник Западной России» із захапленьнем падхапіў гэтае мерапрыемства… Праграма «обрусения Белоруссии» з гэтага мамэнту ясна вызначалася не як культурнае або нацыянальнае заданьне, а як вузка аканамічны, проста сказаць скурны інтарэс тых «дзеячоў», што пачалі з 1864 г. ехаць да Беларусі на цёплыя месцы, на падвойныя пэнсіі, надгароды, ордэны і г. д.» (137).
Прыносілі яны із сабою дэмаралізацыю. «Наплыўшы з глыбіні Расіі адно каб напхаць сабе кішаню і ня маючы абсалютна нічога зьдзержуючага, уся гэтая лотва («арава») ўраднікаў, палічнікаў, пасярэднікаў, вучыцялеў, а то й проста ахвіцэраў тых няшчысьлёных жандарскіх а казацкіх пастояў, што хмарай пакрывалі пасьля паўстаньня «заміраную» Беларусь, — унесла ў край надзвычайны маральны распад, збэсьціла а спростытуявала грамадзкае жыцьцё ў самых асновах. «Адзінае шчасьце краю», піша аб гэтых часох адзін із сучасьнікаў, была надзвычайная прагавітасьць гэтых псэўда-патрыётаў на грошы. Толькі ў хабару можна было знайсьці сабе ў тым часе паратунак ад гэтае ўлады; трэба было адкупляцца на ўсе бакі, каб спабыцца трасеньняў, скандалаў, што пакідалі просьле сябе сьляды поўнага зьнішчэньня» (138).
«Заліты крывёй кагадзе задушанага паўстаньня, разбураны з боку гаспадарскага, змучаны й зьбіты з нармальнага жыцьця, край запраўды стагнаў ад гэтае процьмы кар’ерыстых а прайдзісьветаў» (138).
Гэтых, адылі, прайдзісьветаў бараніў Гаворскі. Дзеля таго ў канцы нат ягоныя прыяцелі і найзаўзятшыя прыхільнікі абрусеньня Беларусі пачалі выступаць супроці яго. Гэтак М. дэ-Пуле, рэдактар «Виленскага Вестника», просьле А. Кіркора, пісаў, што ў Вільні «зьявілася партыя канцавых русыфікатараў… Гэтая партыя дамагалася заўсёды жорсткіх мераў і ўпікала ў слабасьці й патураньню гэткіх асобаў, як сам М. Мураўёў. З боку гэтых русыфікатараў найбольш даставалася мясцовым рускім людзём… Ад іх, ад мясцовых людзёў, замест спакою а міру, вымагалі варожасьці а злосьці, — і калі не знаходзілі ні таго, ні другога, дык абзывалі іх мянушкамі палякуючых і апалячаных» (№ 2, б. 135).
Таксама Яз. Сямашка жаліўся ў лістох сваіх да сыноду, што некаторыя з прыбылых да «Заходняга Краю» ўраднікаў із трэбаваньнем ставяцца да мясцовага праваслаўнага духавенства, упікаюць яму няведаньне праваслаўных статутаў і нат мяшаюцца ў царкоўныя справы. Ён піша, што «нейкі гвардыі паручнік Шчэрбаў зачыняў самадумам безь зьясьненьня прыходы і хадзіў па аўтару ў кажуху з палкаю; штабс-капітан Крамераў і лейб-маёр Савіцкі самі служылі службу Божую, адзеўшыся ў рызы і носячы аўтарнае судзьдзё… Ведама, — піша Сямашка, — трэба зьмяніць шмат чаго ў туташнім краю, каб зрабіць яго аднолькавым із астачаю гаспадарства. Але трэба памятаць, што прызвычкі а звычаі, якія ўкараніліся ў масе народнай за вякі, патрабуюць гэтак сама стагодняга разумнага дзеяньня. Прымеж таго гэтыя рознасьці, дзякуючы надоечы прыбылым сюды расійскім дзеячом, былі апошнім часам прычынай смутных зьяваў у нашым краю, што сталіся галоснымі і зрабілі шмат на каго вельмі нявыгоднае даймо» (б. 135–136, № 2).
Гаворскі першы падняў пытаньне праз стварэньне расійскай земляной собскасьці ў Беларусі (137). «Вестник Западной России» пісаў: «Дзеля таго што ў вапошніх часох зьявіліся ў нашай прэсе чуткі, быццам сума штагодніх памогаў, пэнсіяў на старасьць, каторыя адзержуюць адстаўныя ўраднікі («чиновники») ўсіх службаў, зрабілася занадта цяжкой для гаспадарствавых фінансаў, дык напэўна знайшлося-б шмат такіх Расійцаў, што замест пэнсіі ахвотна замацавалі-б за сабой на вечнасьць канфіскаваныя або сэквэстраваныя двары ў Заходнім Краю. Прадставім сабе, — лятуціць «Вестник», — што ўсе пераказы пераможаныя — і вось з усіх канцоў Расіі едуць да Заходняга Краю ўраднікі-пэнсіянеры із сваймі сем’ямі, уладжуюцца тут на жыцьцё на вызначаных ім дзялянках, заводзяць гаспадарку і памалу ствараюць сваю собскую расійскую інтэлігенцыю… Гэткім парадкам расійская зямляная соб-