Старонка:Зь гісторыі русыфікацыі Вялікалітвы.pdf/9

Гэта старонка не была вычытаная

русі адмовілася ад ідэялаў вялікае Польшчы, адхінулася ад тварэньня польскае культуры на беларускіх землях і прыняла «новую праграму» — сталася, але сталася зусім не ў такім выглядзе, аб якім лятуцеў «западно-руссизм»: адмовіўшыся ад служэньня польскасьці, «мясцовыя людзі» польскай культуры не пачалі служыць расійскасьці, але пачалі аддаваць свае сілы мясцовай-жа ідэі — беларускай (138).

Каб магчы ходацца з гэтым рухам, трэба было ідэялягічна аформіць «западно-руссизм». За гэта і ўзяўся Каяловіч. У сваіх чысьленых агітацыйна-арганізацыйных падарожжах па Беларусі ён сустракаўся з рознымі смутнымі зьявамі — зь бязьдзейнасьцю «русских людей», зь няўмелым спосабам абрусеньня і інш., але найбольш яго даняла новая зьява — беларускі сэпаратызм.

«На ўсёй прасторы Заходняй Расіі — пісаў Каяловіч — цяпер разгартаецца падвойны сэпаратызм — заходня-рускі й вялікарускі… «Русские люди» ў Заходняй Расіі цяпер займаюцца геаграфіяй, генэалёгіяй і на’т фізыялёгіяй, але з такога боку, які ня мае ніякіх адносін да навукі. Яны разьбіраюцца, што адкуль паходзіць і на што канчаецца ягонае прозьвішча, — на — «ов» ці на «іч». Адныя кажуць: хто з усходу Расіі, той нашэньнік поўных расійскіх асноваў жыцьця, хто із захаду, — той на поўрускі, палякуючы або уніяцтвуючы. Другі бок плаціць аднаважнай манэтаю: хто із захаду, той сумленны, прыстойны чалавек, а хто з усходу, той гультай. Пад гэтымі дробнымі лаянкамі заховуецца вельмі спаважнае разадзіночаньне» — прызнаецца Каяловіч (142).

Каяловіч ня супроці таго, каб «просты народ беларускі й маларускі» гукаў пасвойму, але інтэлігенцыя «усіх трох русскіх плямёнаў» павінна гукаць толькі парасійску. «Цяжка зьверыць зло — кажа ён — якое выходзіць на’т ужо цяпер ад нашага інтэлігенцкага сэпаратызму. Ім ужо займаюцца добрыя людзі, і вынікі гэткага падзелу вельмі часта балюча адбіваюцца на тамашнім жыцьцю. Але яшчэ важнейшыя будуць вынікі, калі гэты сэпаратызм пачне разьвівацца лягічна і ськіруецца ў Беларусі ў гушчу простага народу.

«Шмат хто із заходня-рускіх людзёў… вельмі затрывожаны развоем сярод іх гэтага западно-рускага сэпаратызму і імкнуцца паказаваць усім, што яны стаяць вышэй за яго… з радасьцю я сустракаў грудкі, дзе навет не падыймаюць мовы, хто з усходу, а хто з захаду, але ўсе складаюць адно. Гэта тыя грудкі, у каторых заховуецца дарагое імя І. Аксакава, дзе заховуецца славянафільства — лепшы расійскі сьветапагляд… І я скрозь прыходзіў там да думкі, што калі-б я ніколі ня быў славянафілам, дык стаўся-б ім па гэтым падарожжы па Заходняй Расіі» (142–143).

Гэтак прайшоў Каяловіч да «найгалаўнейшае ідэі «западно-руссизма» — да ўсемагутнае ідэі славянафільства (143).

Засталыя ідэялягічныя рысы «западно-руссизму» аўтар зьясьняе ў наступным VII разьдзеле свае працы, надрукаваным у кн. ІІ «Полымя» 1929 г. («Спробы ідэялягічнага афармленьня «западно-руссизма»).

Славянафілы, у тым ліку іхныя «западно-русские» сяброве, прынамся часьць іх, не працівіліся дасьледаваньню й на’т прызнаваньню гістарычнай апрычонасьці Беларусі, але з тым, што цяперака ўсё культурнае жыцьцё Беларусаў павінна быць вялікарускае (148). «Палеміка Каяловіча з фэдэралістычнай тэорыяй ясна паказала, акую цану мелі ўсе славянафільскія галашэньні «западно-руссов» і абяцаньні агульна-славянскага адзіноства незалежна ад вялікарускага верхаводзтва. Яна паказала разам із тым, чаго была варта пашана «западно-руссов» да мясцовых асаблівасьцяў і куды вяла казань іх аб «прытульным месцу» Беларусі ў Расійскай імпэрыі. Калі пытаньне аб праве асобных плямёнаў, — у даным прыпадку ўкраінскага й беларускага, — пачало ставіцца ня ў тэорыі, а на практыцы, калі справа даткнулася навет ня права на палітычную самастойнасьць, а на сваю собскую школу ды кнігу, — зн. на элемэнты самастойнасьці культурнай, — «супольнасьць у славянсьцьве» адразу зьмянілася па «зьліцьцё ў вялікарускасьці» (149).

Дзеля таго й пагатове супроціставіцца Каяловіч да спробы беларускага грудка ў Віленскім унівэрсытэце — Даніловіча, Ярашэвіча ды інш., «якія прыходзілі да сьведам’я, што й самі яны не Палякі, а тым больш ня польські народ іхняга краю»… «надумаліся аднавіць самастойнасьць заходняй Расіі на аснове старой ідэі палітычнае незалежнасьці Літвы» (135). «Западно-руссизм» адзначыўся безаглядным ганьбеньнем усяго польскага і «бязьмернай хвальбой Расіі, як ідэялу, у якім тоіцца ўвесь сэнс, уся сутнасьць быцьця Беларусі» (133). Разам із тым «быў у пяршыню сфармуляваны «западно-русский» аргумэнт аб «вялікай магутнай Расіі», — аргумэнт, які пры дальшым развою беларускага вызвольнага руху стаўся нам такім знаёмым» (137).

Аўтар зьясьняе ідэялёгію «западно-руссов» і адначасна паказуе, што яна была абаперта на хвальшывых дапушчэньнях, бо, «змагаючыся з Польшчай, «западно-руссизм» усе свае надзеі пакладаў на ўсход. Беларусь подле перакананьня «западно-руссов», спрадвеку цягнула на ўсход, мела з ускодняй Расіяй адзіны нацыянальны карэнь, адну ўсходня-славянскую глебу… той самы гістарычны спадак…» (140).

Каяловіч даводзіў, што «Толькі ў вадзіносьцьве з Усходняй