Старонка:Зямкевіч Дунін.pdf/1

Гэта старонка была вычытаная

Нацыянальнасьць у Вінцука Дунін-Марцінкевіча.

(Матэрыялы да характарыстыкі творчасьці).

Разглядаючыся ў літаратурнай спадчыне Вінцука Дунін-Марцінкевіча, ня вельмі многа знаходзім даказаў яркага й моцнага выяўленьня ў яго бязспорнай і яснай беларускай нацыянальнасьці. І дагэтуль яшчэ нашыя крытыкі і пісьменьнікі адносяца з нейкай рэзэрвай, нават часта і з поўнаю няверай што да яго працы й нацыянальнага беларускага напрамку, робяць усялякія закіды з боку дыдактыкі аўтара, ці з боку сацыяльных перакананьняў, а часта нават і з боку структуры (будовы) беларускага вершу, які, будучы ў аўтара сыльлябічным, быццам і ня мае чыста беларускага народнага характару.

На ўсе гэтыя закіды вельмі лёгка адказаць таму, хто бліжэй знаёмы з літаратурнай эпохай і сацыяльнай працай дзеячоў і пісьменьнікаў 1840-1880 гадоў.

Дыдактыка была ў модзе, як неабходны варунак гэтага літэратурнага кірунку, асабліва ў адносінах да народу і дзяцей, якім трэба было нясьці пачатковую прасьвету й культуру духа; дыдактыка пратрывала бадай цэлае 19 сталецьце. Так пісалі Ян Баршчэўскі, Ян Чэчот і Аляксандар Рыпінскі, і вініць іх за тое, што яны пісалі ня гэтак, як бы нам цяпер хацелася, ніяк ня можна, бо гэта і абмылка і спроба навязаньня да ацэнкі іх творчасьці новых сучасных крытэрыяў, якія ў тыя часы нават і не істнавалі. Асабліва ярка кідаецца гэта ў вочы, калі спатыкаемся мы з ацэнкай іх творчасьці з боку сацыяльнага. Некаторыя нашыя літэрат. крытыкі, якія бачаць у творах Марцінкевіча адно "шляхоцкія ідэі", ня могуць ані як дабачыцца ў ім дэмакратызму, які - што бы ні гаварылі - ёсьць; забываюцца яны аб законе эвалюцыі дэмакратызму, і дзеля таго іх ацэнка выходзіць, як у крывым люстры. Такая сучасная крытычная мера, якая апіраецца толькі на об'екце сучасных думак і паглядаў, а ня ўмее ці ня здольна ацаніць творчасьць з боку гістарычнае эвалюцыі, заглыбіцца і зразумець дэмакратычныя імкненьні людзей данае эпохі, зьвязаных і скаваных часта варункамі жыцыя і непамернага палітычна-паліцэйскага ўціску, - мусіць быць і вузкай, і аднабокай і... страшэньне несправядлівай.

Для зразуменьня Марцінкевіча неабходна прастудыяваць яго эпоху. Сацыяльныя пагляды дзеячоў гэтага часу трэба выкапаць з тагачасных твораў, гадавікоў газет, пісаных успамінаў (мэмуараў) ды лістовай перапіскі. Багацьце матэрыялу, як друкаванага, так і рука-