Старонка:Зямкевіч Дунін.pdf/2

Гэта старонка была вычытаная

піснага, аграмаднае. І вось, пазнаёміўшыся з усім гэтым, адразу ярка і выразна паўстае нам перад вачамі асоба дзеяча і пісьменьніка, пачынае захопліваць нашу ўвагу, сымпатыю, і мы пранікаемся тады пашанай і любоўю да чалавека, каторага мы зразумелі, пазнаўшы ўсе абставіны яго жыцьця й працы.

З гэтага пункту гледзячы, мусім адзначыць, што ніхто з нашых старых пісьменьнікаў так не пакрыўджаны нашымі крытыкамі, як Вінцук Дунін-Марцінкевіч.

Друкаваныя творы Марцінкевіча, калі добра да іх прыглядзецца, усе падыходзяць да наглядаў, псыхікі і эстэтыкі народнае масы; сьведчыць аб тым (што ужо раней заўважыў прафэсар Доўнар-Запольскі) іх пашырэньне сярод сялянства, прычым некаторыя з сялян ня толькі ўмеюць вершы Марцінкевіча на памяць, але і ведаюць імя іх аўтара. Заўважыць тут трэба, што, калі гэтыя сыльлябічныя вершы і спадабаліся народу, так што нават увайшлі, так сказаць, і ў этнаграфію, дык мелі яны даўны й моцна прыгатаваны грунт. Бо жыцьцё выплывае толькі з жыцьця, праца новых пакаленьняў асновываецца на працы старых пакаленьняў, дык і праца Вінцука Дунін-Марцінкевіча апіралася на працы ранейшых за яго будзіцеляў народу. Калі возьмем пад увагу нацыянальную працу бязыменных, нават нязнаных нам бліжэй па іх працы, скромных беларускіх працаўнікоў-будзіцеляў народнага беларускага духа з-пасярод беларусаў-езуітаў і беларусаў-базыліян, якія ў працягу XVІІІ і пачатку XІX сталецьцяў пакінулі пасьля сябе шмат літаратурных беларускіх памятак у кантах, калядках, рэлігійных песьнях, бэтлейках, інтэрмэдыях і школьных драмах і камэдыях, - мы мусім прыйсьці да перакананьня, што сыльлябічнасьць вершаў павінна была быць прынята народам, бо ўплыў гэты ярка відаць і цяпер у чыста народных творах.

Даказы гэтага "абыватэльства" сыльлябічнасьці верша кожны можа пабачыць і ў сучасных нашых дамарослых сялянскіх вершапісаў. Кожная беларуская рэдакцыя атрымлівае шмат такіх вершаў ад вясковых пісакаў, а калі іх ня друкуе, дык толькі з гэтае прычыны, што вымагае цяпер ад вершу шмат больш артызму, чымсь гэта было раней, у даўнейшыя часы.

Беларуская літэратура XVІІІ і амаль што ня цэлага XІX сталецьця можа быць сьмела названа рукапіснай, бо, з прычыны гаротнасьці жыцьця, забароны друкаваньня пабеларуску, іначай разьвівацца не магла. І дзіва тут у тым, што, ня гледзячы на гэткія, здавалася бы, забойчыя перашкоды, яна разьвівалася, расла, пакуль не дачакалася магчымасьці свабоднага друку. Відаць, жыцьцёвая яе сілa лішне вялікая, каб якія-колечы дрэнныя абставіны, перашкоды і забароны маглі яе спыніць у жыцьці ці зьніштожыць...

Памятак сыльлябічнае вешраванае творчасьці ў беларускай літэратуры так многа, што настаў ужо час, каб усё гэта навучна пра-