Старонка:Зямкевіч Дунін.pdf/3

Гэта старонка была вычытаная

студыяваць. Тыповымі зьяўляюцца тут гэтак называныя "гутаркі“, лік каторых надта вялікі. Падходзяць да іх „рацэі" або арацыі, прамовы паважныя або жартаблівыя, ужываныя ў важных здарэньнях жыцьця, як напрыклад: на вясельлях, на імянінах і г. д.

Марцінкевіч, добра ведаючы народ, стараўся так пісаць, каб якнайбліжэй дайсьці да народнага смаку й упадабаньня. Рукапісная беларуская літаратура добра была яму вядома, у творах сваіх ён прыводзіць шмат народных прыказак, песьняў, каб як мага найбліжэй падыйсьці да народнага смаку й упадабаньня.

І вось гэтае імкненьне Марцінкевіча да народнасьці, да перакананьня селяніна, што яго мова такая добрая, як і кожная другая, пры ўжываньні літэратурнае формы згодна з традыцыяй і смакам сялян - усё гэта не падабалася нашым крытыкам. Пасыпаліся закіды: мала нацыянальны, дыдактычны маралізатар, з сацыяльнага боку адна толькі шляхоцкасьць паглядаў на мужыка, як раба ў пана, форма верша сыльлябічная, а значыцца польская, - ну, адным словам, шляхоцкі пісьменьнік, які пісаў дзеля забавы, каб пасьмяяцца над мужычком.

Ці ж гэта па праўдзі так?

Non ridere, non lugere, neque detestari, sed intelligere - кажа Сьпіноза, і гэтыя залатыя словы надзвычайна падыходзяць да данага выпадку. "Не сьмяяцца, не бедаваць, не пратэставаць, адно старацца зразумець" - вось мэтад, каторы павінен быць дэвізам кожнага крытыка.

Надта цікавае сьвятло кідае на Марцінкевіча і на яго нацыянальнае пачуцьце ліст, пісаны ім да знамянітага польскага пісьменьніка Крашэўскага. Ліст гэты знаходзіцца ў архіве бібліатэкі Кракоўскае Акадэміі навук і быў друкаваны з маленькімі пропускамі (з цэнзурных прычын) у часоnісі: GAZETA POLSKA 1861 году № 111 стран. 2. Прыводзім яго ў перакладзе цалком:

"Жывучы сярод народу, які гаворыць беларускай гутаркай, зьвязаны целам і душою з яго спосабам думак, думаючы аб лепшай долі гэтага братняга народу, які застыў у дзяцінстве й цямноце, пастанавіў я, каб заахвоціць яго да прасьветы, у духу яго звычаяў, паданьняў-легенд і здольнасьці душэўнай, пісаць у яго роднай мове, і вось з радасьцю я хутка ўгледзіў, што выданыя мною „Сялянку“, „Гапона“, „Вечарніцы“, „Дудара“, „Купалу" народ прыняў з аграмадным упадабаньнем, а моладзь з запалам пачала вучыцца чытаць, з памяці паўтараць мае, гэтак для яе мілыя, творы. З гэтае прычыны распаўсюджываецца ўжо сягоньня ў часьці над Вяльлей і Нёмнам, над Сьвіслаччу, Бярэзінай, Дзьвіной, Дняпром і г. д. чытаньне беларускага друку, а калі ўжо ахвота й любоў да духовае стравы разбуджаны, знойдуцца з часам багатыя матэрыялы ў роднай мове.

„Гэтую маю думку і імкненьне зразумелі й ацанілі людзі ў Польшчы, не зразумелі ў Літве і на Беларусі, і вось на літэ-