— Пойдзем? — сказаў каморнік.
Тамаш на хаду пачаў закурваць. Юрка ішоў поплеч з ім, перадумываючы гаворку, якую чуў кагадзе. Ішоў і пахвостваў дубцом па белай саломе высахлай мятліцы.
— Ты, сынку, заўсёды з старымі кампануеш, — сказаў яму Тамаш, — сталы ты хлапчук. Гаспадар з цябе добры павінен быць. Спакойны ты хлопец... Шкадуеш мамы?
— Шкадую.
— Нудзіш?
— Аей як.
— Нічога, сынку, перажывецца. Выгадуешся, падрасьцеш, будзеш жыць. Лепш будзеш жыць за нас усіх.
Юрка маўчаў.
— Вучыцца табе трэба.
— Я-ж вучуся. Чытаць і пісаць ужо ўмею добра.
— Мала, трэба больш.
Каморнік і Алесь выперадзілі ўсіх. Ішлі поплеч па рыжых паплавох.
Яны адразу адчулі няпрыемнасьць блізкасьці адзін да аднаго.
— Я сьпяшаюся чым найхутчэй выехаць, —сказаў каморнік, — я вельмі заняты цяпер. Што-б там ня было, а ў панядзелак трэба ехаць. Так што ты, таварыш Алесь, націсьні там на ўсе застаўкі ў сельсавеце, каб да нядзелі нам разьлічыцца. Яно так па ўмове выходзіць.
Алесь моцна сказаў:
— Няўжо-ж не, разьлічымся!