папрацаваць. Праз год ці два — новы перамер зямлі!.. Я яшчэ буду доўга жыць на сьвеце!
— Нашто новы перамер?
— Знойдзецца шмат, што ў колектыў пойдуць.
— Тут табе давядзецца языком працаваць.
— Тут языком мала што зробіш. Раней зробім, а тады ўжо языком — "а што, бачыў кум сонца?.." А Клемусь няхай каля капэлі свае круціцца. Я яму дзяка прыпаручыў, няхай граюць... Адно што, сукін сын, п'е здорава Клемусь. Я яго адучу... Няхай выпівае патроху, калі яму так хочацца.
— У меру значыць? Хе-хе.
— Чаго ты?
— Што ты яму дазволіў выпіваць у меру. Таксабе, трошкі. І бога хвалі і чорта не гняві. Мерачка.
— Ніякай меркі, а павінен проста ўзяць сябе ў рукі.
Волька уздыхнула:
— А ён добры хлопец
— Клемусь?
— Але.
— Ну пэўна, адно што маладзейшы за цябе на гадоў, мусіць восем.
— Ідзі ты!
— Дык, брат... Сёньня-ж пайду да Тамаша, няхай мне плян разгорне, пра гэтую сваю алейню, раз ён так з ёю носіцца... Чорт яго бяры ўсё. Усё ня важна.
— Што?
— Усё іншае... Іншае ўсё... Родненькая ты мая.
— Што гэта ты?
— Волечка, ведаеш ты што? Ганна мяне адцуралася... Мусіць з каморнікам паедзе. Каб ты ведала?..
— Я табе гаварыла.