постацяй і твараў-вачмі, яна была прыгажэйшаю, яку звычайныя дні. Сход быў невялікі і было на ім больш мужчын і хлопцаў, чым дзяўчат. Алесь прывёў на сход Макаркаву Вольку. Алесева маці, паглядаючы на Барановічыху гаварыла:
— От так гэта гаворка адно. Што баба, дык яна павінна і вучыцца і ўсё. А от колькі ёсьць такіх, дык усяго і пакрасуецца тады, калі за бацькаваю галавою вучыцца. А пасьля, калі павучыцца трохі, дык усё роўна за гаршкі бярыся за каго-б яна там замуж не пашла, хоць сабе за якога і камісара, ні то што за каморніка якога-небудзь. Бабская доля, вядома. Адно гаворка... А дзеці як пойдуць! Мужчыну ніякае ліха. Што яму.
Пачуўся мужчынскі голас:
— Няўжо-ж ты хочаш, каб мужчына табе дзяцей раджаў, або пялёнкі мыў? Або ў печы паліў?
Волька застукала алоўкам па стале:
— Ціха, таварышы. Хто хоча сказаць, няхай слова возьме. Калі пачнем усе зараз гаварыць дык...
Аднак гаворкі ня сьціхалі:
— Вядома, што бабская доля горшая.
— Усіх доля роўная. Калі мужык здароўшы, дык затое ён больш і цяжэй робіць. Няхай баба папрабуе зрабіць мужчынскую работу.
— Баба больш робіць. Але бяда, што яе работа ня значна так, як мужчынская. Бо яна таўчэцца па хаце і каля хаты за ўсякаю драбніцаю... І за мытым, і за шытым, усё ёй патрэбна.
— Не пра гэта гаварыць трэба.
— Але начорта тут гэтыя крыўды выказваць. Усё роўна ўсяго ня выкажаш і мала што тут парадзіш.
— Нічога, а от скажу. Усё выкажу.