— Чаму-ж яны...
— Гэта так, раскідаліся.
Ён узяў яе за руку.
— Пачакай, я валасы папраўлю.
— Няхай будуць так.
Сьціснуў яе руку. Яна адказала яму гэтым-жа. Сеў да яе бліжай. Бачыў і адчуваў, як зачырванеўся, загарэўся яе твар. Раптам стала яму радасна і добра. Прыціснуўся ілбом да яе галавы. Яе валасы казлыталі яму вочы. Маўчалі абое, слухалі, чакалі. Сядзелі так блізка, прыціснуўшыся.
— Добра як, — сказала яна.
— Добра... Ціха... Волечка...
— Ну, чаго ты?
— Ціха, нічога не гавары.
Абхваціў яе рукамі, адчуваў, як гараць яе шчокі. Пацалаваў у твар. Цалаваў у вочы, у губы. Яна спачатку павісла на яго, пасьля моцнымі рукамі абхваціла яго за шыю, не адрываючыся ад яго.
— Родненькая...
І яшчэ была цішыня.
— Я патушу агонь?
— Не... Любенькі...
— Чаму?
Яна ціснула яго да сябе, абхваціўшы рукамі яго шыю. Дыхала цяжка, гарэла тварам. Ён схваціў яе на рукі і падняў.
За сьцяною заплакала дзіця. Плакала доўга, увесь час. Лямпа гарэла цьмяна. Яны нічога не памяталі, ня ведалі, апроч гэтае свае вострае блізкасьці.
Пасьля, як зноў села яна, папраўляючы валасы і сукенку, ён пацалаваў яе ў галаву, пагладзіў валасы:
— Волечка.