— Выдумаў, дзе ён табе тут вельмі пажывіцца.
— Чаму не. Сабака заўсёды знойдзе чым пажывіцца. Гэта-ж ганчак — ты паглядзі адно, якія ў яго ногі. Бачыш, які зад у яго — з гладкаю шэрсьцю, тонкі.
— Бо худы, дык і тонкі.
— От паглядзіш, як я яго адкармлю.
У хлеве конь глядзеў у жолаб. Стаяў і не варушыўся. Адно паварушыў вухам і прыгнуў яго ў той бок, дзе заскрыпелі дзьверы.
— Што вы тут робіце? — сказаў крываносы Мікалай, выходзячы з агароду. На плячы ён трымаў лапату.
— Нічога. Глядзімо, ці конь есьць.
— Дзе ён табе тут будзе есьці. Я казаў бацьку — на шкуру трэба прадаць, а то ён заваліць хлеў, тады адно клопату — вывалакай яго. А гэта—сам яшчэ зойдзе.
Зачынілі хлеў і стаялі ўсе ўтрох у дварэ, пад грушаю.
— Дзічка, — сказаў Мікалай, задзіраючы галаву на грушу.
— Яна лепш нават за фунтоўку або сапяжанку, — сказаў Юрка, — яй-богу-ж праўда. Я можа з дзесяць рэшатаў дзічак у сене нагнаіў, ужо можна есьці.
Мікалай цыкнуў праз зубы сьлінаю, папаў якраз на свой левы бот. Падняў нагу, падкурчыў, выцер аб халяву правага бота і пашоў да сянец, ківаючыся з нагі на нагу і паварушваючы плячыма. Па вуліцы ішоў Алесь. Мікалай гукнуў:
— Алесь, курыць маеш?
Алесь падышоў да варот. Мікалай падаўся туды.
— Дзе ты быў з рыдлёўкаю?