З хаты чуецца доўгі сьвіст:
— Фью-ю-ю...
Бразгае клямка ў сенцах. Сенечныя дзьверы адчыняюцца, і на ганак выпоўзае малая постаць цыбаты хлапчук, стрыжаны, белагаловы. У новых палатняных галіфэ, босы.
— Гэта ты, Юрка?
— Гэта я.
— Чаму-ж ты адразу ў хату ня ідзеш?
— Я думаў, што ў вас там што робяць у хаце, дык нашто, канешне, замінаць. Думаў, што ты апранешся ды выйдзеш... Ты сьнедаў?
— Не яшчэ. А ты?
— Ужо.
— Баіцца ісьці ў хату. От дурны! Ідзі.
— Ці я-ж баюся?
У хаце пабеленымі дошкамі была адгароджана кухня. Пахла скваркамі і блінцамі. Жанчына клапацілася каля печы:
— Ты сьнедаў, Юрка?
— Сьнедаў.
— Што-ж ты сьнедаў?
— От... еў...
— Ідзі еж блінцы.
— Я не хачу.
— Ідзі еж.
— Я пад'еў.
Тады Юзік сказаў:
— Ідзі, разам будзем есьці.
Юрка памаўчаў, паглядзеў на стол і сеў на лаву. Жанчына палажыла яму на блінец дзьве скваркі. Елі моўчкі, паглядаючы адзін на аднаго. Памаўчаўшы, Юзік сказаў:
— Я люблю нядзелю. Хаця рабіць нічога ня трэба. А ты, Юрка?