Так яно ўсё і рабілася, кожны дзень, дзень за днём. Скончыўся шум восені і была весялосьць яе — халодная, калючая. Ішлі сваёю дарогай дробныя здарэньні, шэрыя падзеі і гаворкі пра іх.
Ветраныя былі дні.
Вецер дзьмуу шмат дзён. Перагонамі сыпаліся на зямлю сьнегавыя крупы, пасьля зноў глядзела на зямлю сонца. Сьнегавыя крупы мяшаліся з пылам, чарнелі і прападалі. Востры холад трымаўся ўвесь час.
Заўсёды дзень пачынаў меркнуць ужо, як прыходзіў Юрка з школы. Даставаў з печы гаршок, еў і ішоў у гумно памагаць бацьку малаціць. Таміўся хутка і, пакуль бацька ператрасаў у салому акалочаныя на два бакі аўсяныя снапы, рад быў пастаяць і аддыхацца. Зараз-жа зусім цямнела і бацька зачыняў гумно. Юрка паіў каня і карову і ішоў да Юзіка — чытаць назаўтра школьныя даньні. Але перад гэтым абодва з Юзікам выходзілі яшчэ на вуліцу, сьвісталі, стоячы за вуглом, хадзілі і зазіралі ў чужыя двары. Некалькі дзён засаб бачылі, як Алесь прыяжджаў з лесу і, паставіўшы ў хаце на вакне лямпу, каб сьвяціла на двор, скідаў з возу дровы. Раз падышлі да Алеся:
— Алесь, дай мы наабдзіраем з гэтага калматага моху.
— Нашто ён вам?
— Мы паробім сабе з гэтага моху вусы і бароды і будзем палохаць.
— Каго?
— Каго-небудзь... Усіх.
— Абдзірайце.