— Праўда, што прыгожыя.
— А ты-ж усіх ня ведаеш.
Ускінула вочы на яго, спаткалася з яго вачмі і больш яшчэ паружавела, сказала:
— Чаго ты так прыглядаешся на мяне?
— Ты прыгожая.
— Ну але, прыгожая.
— Ты адно сама сябе не хвалі.
— Але я сама сябе і гаіць ня буду.
Абое засьмяяліся. Маня зусім весела, Алесь трохі задуменна. Яму хацелася быць блізка з ёю. Далёка так прайшлі. Яна сказала:
— Хіба вярніся ўжо, Алеська. Прыходзь гуляць.
— Прыду. Калі прыйсьці?
— Калі сабе хочаш.
— Гэтымі днямі прыду.
— Глядзі-ж, каб прышоў.
Разьвітваючыся, затрымаў яе руку ў сваёй, скрозь халодныя ад марозу пальцы адчуваў гарачыню яе цела.
— Я яшчэ правяду цябе да таго ўзгорку.
З радаснаю ўсьмешкаю яна кіўнула галавою. Сінія вочы яе слаўна абвеялі яго жаночаю пяшчотаю.
Разьвіталіся на ўзгорку. Зноў ён затрымаў яе руку. І нейкая маўклівая згода адразу ўстанавілася між імі.
— Прыду.
— А я чакаю.
Пашоў назад, ахоплены радаснаю трывогаю нядаўняй блізкасьці дзяўчыны і іхнім маўклівым разуменьнем адно аднаго. Марознае паветра вясёлым хмелем кружыла галаву, пах ялоўцу поўніў усё прасторнай прытульнасьцю. Хацелася яму сьпяваць і бесьперастанку ісьці марознаю роў-