раз у незнаёмую хату, дзе ёсьць дзяўчаты. Гарэла лямпа і дзяўчаты пралі. Бацька Мані—Зьмітрок— ляжаў на палатках, паволі сабе пакурваў і зрэдку падаваў з палатак сваё слова, пацьвельваючыся з дзяўчатамі. Клемусь увайшоў першым і ўзяў адразу тактыку вясёлага нахрапу:
— Добры вечар у хату.
— Добры вечар, — адказалі ўсе ў адзін голас. І дзяўчаты разам глянулі на абодвых.
— Алесь прышоў, — сказала Маня.
Усе сталі разглядаць Алеся. Клемуся ведалі ўсе даўно. Зьмітрок раптам яшчэ больш ажывіўся на палатках:
— Ты мусіць, Алесь, ніколі ў нашых Чучанох і ня бываеш.
Клемусь адразу-ж адказаў за Алеся:
— Мы бываем усюды, дзе толькі дзяўчаты ёсьць.
Зьмітрок аж сеў на палатках:
— Што ты, хлопча, брыдзіш сьветам. Нашы Чучаны стаяць на трэцяй вярсьце ад вашага . мястэчка, а я цябе першы раз у сваёй хаце бачу.
— А хто-ж вам, дзядзька, вінават, што я ў вас ніколі ў хаце ня бываю?
— Як гэта?
— Трэба было тэлеграму даць, што ў вас тут у хаце заўсёды поўна дзяўчат, тады нас-бы доўга не чакалі. Нас-бы адсюль за нос ня вывеў-бы.
— Гэта праўда, што я не здагадаўся. Гэта трэба было, добра кажа — не тэлеграму, а ў газэтах публікацу пусьціць, што ёсьць у Чучанох на выбор дзяўчаты, і калі трапіцца добры хлопец, дык нават па сходнай цане льга на першы пачатак аддаць з пару якую замуж.