— Зьмітрок усьцягнуў на ногі боты і пашоў на двор. Алесь і Клемусь памагалі ўжо дзяўчатам прасьці. Рогату была поўна хата. Зьмітрок увайшоў, сьцягнуў з ног боты і зноў палез на палаткі. Курыў, падаваў свае заўвагі. Сказаў:
— Для вас дык вядома з навіны — апараніліся вы трохі, браткі.
— Чаму?
— От зараз, пачакайце, дык поўна хата хлопцаў будзе. І нават малых панашываецца, адкуль толькі яны і бяруцца. Яно дарма, што малое, як вош, а да дзяўчат і яго ўжо, ліха яму, цягне. Хэ-хэ.
Неўзабаве пачалі сыходзіцца чучаноўскія хлопцы. Пазнавалі Алеся і Клемуся:
— Здаровы, браткі.
— Да чучаноўскіх дзяўчат гуляць? Бач ты!
— Здароў, Алесь!
— Як гэта вы трапілі?
Зьмітрок падаў голас з палатак:
— Як трапілі, дзівак! А як ты, блізкі сьвет, аж у Астрэйкі дапінаеш да дзяўчат. Галава!
Хлопцы прынясьлі гарэлкі, пачалі частаваць дзяўчат. Сілком прымушалі піць. Дзяўчаты рагаталі, пішчалі, ня пілі. Тады хлопцы папрымошчваліся ў мыцельніку на лаве:
— Дзядзька Зьмітрок, злазьце — вып'ем па чарцы.
Зьмітрок спусьціў ногі з палатак:
— Ад добрага я не адказен.
Сышоў на зямлю і ўмяшаўся ў хлапечы натоўп. Хлопцы прывялі пад рукі дзяўчыну:
— Калі ня хочаш піць, дык хоць папробуй.
— Ай, адчаліся!
— Ну хоць губы памачы.
— Ня буду.