— Я раней за вас узварушыўся.
— Дык відаць-жа. Добрыя людзі напрацаваліся ўжо, а ён яшчэ нават ня прыбраўся, як мае быць.
— Я-ж вядомы для ўсіх гультай.
— Яны ізноў засьмяяліся, гледзячы адно на аднаго. І тут ён падышоў бліжэй да яе, гаворачы:
— Каб вы ласкавейшыя былі, дык я памагу вам.
— Ня трэба.
— А вы-ж кагадзе прасілі.
— Ну памажэце.
— Толькі што-ж мне рабіць тут трэба?
— Дзяржэце збанок... Ды ня так... Я-ж казала вам даўно, што вы няўдалы.
— Як вы маглі мне даўно гаварыць, калі ўсяго тыдзень, як я жыву ў вас.
Ён пачаў траціць адценьні жартаў у голасе. Тое-ж самае пачало рабіцца і з ёю. Яна сказала:
— Я вам даўно гэта гаварыла.
— Калі?
— Яшчэ ў горадзе.
— Мы там усяго разоў тры бачыліся.
— І нават амаль што ня былі знаёмымі.
Яна ў раздум'і памаўчала і адзначыла факт:
— Ідзеце вы прыбірайцеся, зараз сьнедаць будзеце.
Ён не адыходзіў і раптам тон яго голасу зусім зьмяніўся.
— Вы ня скончылі школы?
— Не.
— Чаму?
— Ня было як ад дому... Ня было каму рабіць дома.
— А канчаць ня думаеце?
— Не... дзе ўжо там.
— А вы даўно былі ў горадзе?