— Правільна! Калі ён добры гаспадар, тады ён і коняй трымае добрага заводу.
— Ня гэтак.
— А як?
— А так, што калі ты добры гаспадар, дык у цябе і дрэнная кабыла будзе добраю, бо яна ў цябе заўсёды дагледжана будзе.
— Падлу колькі не даглядай, яна на век-вечны падлаю застанецца. З паскуднае кабылы толку ня будзе. Гэта факт.
— Я табе таксама пакажу факт.
— Пакажы... Толькі цьвёрды факт.
— Пакажу цьвёрды.
— Які факт?—падаў голас Сабастыян.
— Ці можа з паскуднае кабылы толк быць?
— З паскуднае кабылы толк?.. Бацюшка, як вам здаецца?
— Што?
— Пра кабылу гаворка ідзе.
— Пра чыю?
— Пра завадзкую і простую.
— Раней вып'ем яшчэ па адзінай.
— Ну але, госьцейкі, — заклапацілася Сабастыяніха.
— Чаму не па дзьве? — усхваціўся Сабастыян.
— Раней закусім, а тады па другой. Бласлаўляю. Бо і ў пісаньні сказана, — ня выпіўшы — не закусвай.
Белабароды Павал раптам устрапянуўся:
— Хоць ты і бацюшка, але я не пабаюся сказаць табе ў вочы — бязбожнік ты, мяцежнік! Дамакрат!
Поп пакінуў есьці, уцягнуў галаву ў плечы і як злосны кот утаропіўся вачыма ў Паўла.
— Бязбожнік. Кагадзе абедню адслужыў, а сам што гаворыш?.. Што ты з сьвятога кпіны строіш