Старонка:З гісторыі асьветы на Беларусі ў пачатку 19 сталецьця.pdf/1

Гэта старонка была вычытаная

Пачатак 18-га сталецьця застаў Беларусь у складзе Расійскай імпэрыі, каторая перажывала лібэралізм першай палавіны аляксандараўскай эпохі. У 1802 годзе, замест застарэўшых ужо калегій пятроўскай эпохі, былі ўтвораны па заходняму прыкладу міністэрствы, лікам восем. На чале іх былі пастаўлены асобныя міністры, асабіста адпаведныя за сваю політычную дзейнасьць перад самаўладным урадам. На чале тых міністэрстваў, каторыя ўрад лічыў асабліва ўдарнымі для свайго часу, былі пастаўлены асобы, блізка стаяўшыя да Аляксандара І, члены так званага Інтымнага Камітэту. Такімі міністэрствамі былі прызнаны—унутраных спраў (міністар Качубей, яго таварыш Строганаў) і міністэрства чужаземных спраў (таварыш міністра Адам Чартарыйскі). Паміж другімі было ўтворана і міністэрства асьветы, на чале каторага быў пастаўлен адзін з звычайных вяльможаў таго часу Завадоўскі. Асьвета ня была залічана да „ўдарных" міністэрстваў імпэрыі.

У сувязі з утварэньнем міністэрства асьветы ўся Расія была падзелена на вучэбныя акругі. У склад кожнае акругі ўваходзілі па некалькі губэрняў. У 1803-м годзе (24 студзеня) была акрэсьлена і Віленская вучэбная акруга. Яна займала вялізарны райён, каторы складалі кіжэйпаданыя губэрні: Віленская, Ковенская, Горадзенская, Менская, Вітабская, Магілёўская, Валынская, Падольская і Кіеўская. Раней была думка ўтварыць з гэтых губэрняў дзьве акругі, але гэтая думка пад польскім уплывам на ўрад была адкінута. Польскім патрыётам патрэбна было, каб усе літоўска-беларускія і ўкраінскія землі былі сконцэнтраваны ў адным месцы, для пасіленьня ў іх польскай працы па „адбудаваньню сваёй айчыны". Уся Беларусь, такім спосабам, увайшла ў Віленскую вучэбную акругу.

На чале вучэбных акругаў у Расіі былі пастаўлены папячыцелі. На чале Віленскай акругі быў пастаўлен куратар (латынізованая назва папячыцеля), польскі „патрыёт" Адам Чартарыйскі, член Інтымнага Камітэту, каторы адначасна, як мы паказалі вышэй, быў таварышам міністра чужаземных справаў. Такое назначэньне паказвае нам, што Віленская акруга была выдзелена з другіх акругаў і пастаўлена амаль што незалежнаю ад міністэрства асьветы, што таксама было на руку „патрыётам" падзеленай Польшчы.

З Адамам Чартарыйскім мы спатыкаемся ў Расіі першы раз яшчэ ў 1795-м годзе, калі ён, пасьля падзелу Рэчы Паспалітай, разам са сваім