Старонка:З гісторыі асьветы на Беларусі ў пачатку 19 сталецьця.pdf/2

Гэта старонка была вычытаная

малодшым братам, зьявіўся да палацу Катарыны ІІ, каб тут, робячы рускую кар'еру, здабыць славу польскага „патрыёта". Пазнаёміўся ён і з будучым рускім царом Аляксандарам І. Паступова знаёмства пераходзіць у прыяцельства. Вясной 1796 году паміж Аляксандарам І і Чартарыйскім адбылася ў саду Таўрыдзкага палацу цікавая гутарка, каторая цягнулася каля трох гадзін. Маладыя людзі сярод поэтычнай абстаноўкі, па звычаю таго сэнтымэнтальнага часу, зьліваюць адзін другому свае пачуцьці. Сваю гутарку з Аляксандарам Чартарыйскі потым падрабязгова апісаў у мэмуарах. („Memories du prince" A. Czartoryski. Paris 1887. Т. І.). Пачалося з таго, што польскі магнат стаў гаварыць аб загінуўшай Польшчы, аб яе мінулым і аб сваёй любві да сканаўшай айчыны; стаў выражаць сваю надзею, што „слаўная і вольная" Польшча павінна ўваскроснуць. Возьмем вынятак з гэтай гутаркі, належачы да Аляксандара: „Ён (Аляксандар І) сказаў мне, што ён ня згодзен з поглядамі і правіламі двара і габінэту; ён зусім не спагадае політыцы і спосабу дзейнасьці сваёй бабкі (Катарыны). Усе яго жаданьні былі на старане Польшчы і мелі сваёю мэтаю пасьпех яе слаўнай барацьбы. Касьцюшка ў яго вачох быў вялікім чалавекам па сваім дабрадзеяньням і яшчэ затым, што ён бараніў справу люднасьці і справядлівасьці". Па словам Чартарыскага Аляксандар І прасіў яго захаваць гэтую гутарку ў глыбокай таемнасьці і нікому нічога не гаварыць, апроч брата. Зразумела, што Чартарыйскі пастараўся скарыстаць спачувальны да Польшчы настрой Аляксандара. Яму, як польскаму патрыёту, гэты факт быў да рукі. „Я перадаў брату аб быўшай паміж намі гутарцы і, падзяліўшыся адзін з другім нашым захапленьнем, мы разам пачалі марыць аб яскравай будучыне, каторая, здавалася, адчынялася перад намі". (Memories). Такім спосабам, праца Чартарыскага ў Віленскай акрузе была пакірована з ведама ўраду ў бок адбудаваньня Польшчы.

На дапамогу Чартарыйскаму былі дадзены асобы, каторыя былі ім самім падобраны для працы. Гэта былі такія самыя польскія патрыёты, як і Чартарыйскі—Тадэуш Чацкі, Юльян Нямцэвіч і кзёндз Гуго Калантай. Юльян Нямцэвіч, вядомы польскі пясьняр, быў супадзьвіжнікам Тадэуша Касьцюшкі. Пасьля правалу Касьцюшкі, ён разам з ім папаўся ў палон да Суворава і быў вызвален таксама разам з Касьцюшкаю, Паўлам І. Пасьля вызваленьня ён павінен быў эміграваць заграніцу, адкуль і быў вызваны ў Расію для працы ў Віленскую акругу. Гуго Калантай выявіў сябе, як „патрыёт" з канца 80-х гадоў 18-га сталецьця і быў адным з аўтораў польскай констытуцыі З мая 1791 году. За польскую патрыётычную прапаганду на аўстрыйскай тэрыторыі ён быў заарыштаваны і адбываў кару ў аднэй з аўстрыйскіх турмаў; адсюль ён па хадайніцтву рускага ўраду быў вызвален і запрошаны на працу ў Віленскую акругу. Самым дзейным памочнікам Чартарыйскага быў Тадэуш Чацкі, які быў назначаны візытатарам акругі на Валыні і Украіне. Гэта быў адукаваны і энэргічны магнат, таксама марыўшы аб уваскрашэньні старажытнай Польшы „ад мора да мора".

Само сабою зразумела, што ўсе гэтыя правадыры культурна-асьветнай працы на Беларусі лічылі гэты край часткаю будучай уваскросшай Польшчы. Беларусь у іх вачох нічым ня розьнілася ад Польшчы політычна; трэба было толькі насадзіць тут да канца тую польскую культуру, каторая насаджалася тут і да падзелаў Рэчы Паспалітай і каторай, пасьля падзелаў, магла пагражаць руская культура. Полёнізацыя Беларусі, дзякуючы працы гэтых працаўнікоў, ідзе самым шырокім шляхам. Усе польскія патрыёты, як эміграцыі, так жывучыя ў імпэрыі, ускладаюць вя-