Старонка:З гісторыі асьветы на Беларусі ў пачатку 19 сталецьця.pdf/3

Гэта старонка была вычытаная

лікія надзеі на працу Чартарыскага ў Віленскай акрузе. Усе яны разумеюць, што ўмовы для польскай працы на Беларусі злажыліся вельмі добра. Цікава прывясьці тут вынятак з ліста Ф . Дмухоўскага на імя Г. Калантая: „Пад уладаю рускаю нам (паляком) адчыняюцца спрыяючыя абставіны. Разам з тым, організацыя і сыстэма ў выбары здольных палякоў на месцы настаўнікаў зробіць тое, на што толькі можна спадзявацца ў даным выпадку“. У еднасьці адукацыі, каторая ўтварылася, дзякуючы концэнтрацыі справы ў Віленскай акрузе, заключалася еднасьць усёй політычнай працы. І ў самай рэчы, трэба вызначыць, што польскія культурнікі-патрыёты мамэнт скарысталі добра.

Галоўнейшую ролю ў культурна-асьветнай справе на Беларусі сыграў Віленскі ўнівэрсытэт. Яшчэ ў 1802-м, калі былі ўтвораны міністэрствы і яшчэ ня была організована Віленская акруга, Чартарыйскі атрымаў ад рускага ўраду прапазыцыю напісаць статут для ўнівэрсытэту і другіх школаў гэтай акругі са штатамі і каштарысамі. Да вясны 1803 году ўсё ўжо гатова. У красавіку абвяшчаецца адчыненьне Віленскай акругі, а 18-га мая 1803 году быўшая езуіцкая акадэмія, істнаваўшая ў Вільні, перарабляецца згодна са статутам у ўнівэрсысэт. На ўтрыманьне ўнівэрсытэту і акружных установаў, апроч ранейшых мясцовых сродкаў, быў назначаны фундуш з цэнтральнага скарбу ў разьмеры 1.580.000 польскіх злотых, што давала моцны грунт для іх існаваньня. Унівэрсытэт забясьпечваецца неабходнымі будынкамі і землямі. Ён мае поўны склад факультэтаў, г. ё. чатыры факультэты: мэдычны, фізыка-матэматычны, моральных і політычных навукаў, філёлёгічных і мастацкіх навукаў. Выклікаюцца з усіх канцоў на пасады прафэсараў вучоныя і культурнікі палякі, бо навуковых сілаў быўшай акадэміі не хапае. Унівэрсытэт атрымлівае правы і прывілеі, належаныя да вышэйшай навукова-вучэбнай установы: раздае вучоныя ступені, пасылае заграніцу ў навуковыя камандыроўкі выдатнейшых прафэсараў і студэнтаў, каторыя гатуюцца быць прафэсарамі, цэнзуруе кнігі і г. д. Унівэрсытэт мае пад сваім кіраўніцтвам усе сярэднія і ніжэйшыя школы акругі. Унівэрсытэцкая Рада праз кожныя чатыры гады абірае на сваіх пасяджэньнях дырэктараў гімназіяў і загадчыкаў павятовых вучылішчаў і падае кандыдатаў на зацьвярджэньне куратара. Адным словам, унівэрсытэт нясе як вучэбна-навуковыя, так і вучэбна-адміністрацыйныя абавязкі. У гэтых адносінах ён быў пабудованы па прынцыпам польскай Эдукацыйнай Камісіі, згодна з каторымі яшчэ ў часы існаваньня Рэчы Паспалітай усе школы ў кароне былі пад кіраўніцтвам Кракаўскай Акадэміі, а школы на Літве і Беларусі пад кіраўніцтвам Віленскай Акадэміі.

Адразу унівэрсытэт пачаў браць пад свой загад усе школы акругі. Пасьля заканчэньня гэтай работы вызначалася, што на тэрыторыі акругі пад даглядам унівэрсытэту маецца зарэгістраваных 70 школаў. Большасьць школаў (каля 45) утрымлівалася на сродкі каталіцкага і вуніяцкага духавенства. Школы найчасьцей былі на ўтрыманьні манашацкіх духоўных ордэнаў, каторых тады на Беларусі было вельмі многа. Утрымлівалі школы, напрыклад, такія ордэны: базыліяны, кармэліты, піары, бэрнардыны і г.д. Само сабою зразумела, што ўсе гэтыя школы мелі ультраклерыкальны напрамак. Клерыкальную афарбоўку мела і тая меншасьць школаў, каторая ўтрымлівалася на кошты Эдукацыйнай каміссіі.

Кошты Эдукацыйнай камісіі былі даволі значныя. Камісія пачала сваё існаваньне на аснове пастановы польскага сойму 1775 году, каторы ўхваліў, каб усе маёмасьці і капіталы, якія засталіся ў Рэчы Паспалітай пасьля выгнаных езуітаў, перайшлі на карысьць школаў пад за-