Старонка:З гісторыі асьветы на Беларусі ў пачатку 19 сталецьця.pdf/5

Гэта старонка была вычытаная

ных у статуце мэтаў, гурток, бязумоўна, ставіў перад сабою і мэты патрыётычна-польскія, зьвязаныя з адбудоваю Рэчы Паспалітай, што відаць з артыкулаў „Брукавых ведамасьцяў". „Ведамасьці" выходзілі з друку аку­ратна што тыдзень па суботам. Часопісь праістнавала больш як 5 гадоў (зачынена летам 1822 году); усяго выйшла ў сьвет 287 нумароў, што складае каля 150 друкаваных аркушаў. Амаль што ўсе артыкулы пісаліся сябрамі гуртка.

Адначасна з гуртком „Шубраўцаў" нелегальна істнуе організацыя так званых „Філяматаў". Яна таксама зьбірае да сябе моладзь, каторая хоча працаваць глыбей над навукаю і рабіць справу адраджэньня Рэчы Паспалітай. У ліку закладчыкаў гуртка „Філёматаў" стаяць такія імёны, як польскі пясьняр Адам Міцкевіч, Томаю Зан, беларускі адраджэнец і пясьняр Ян Чачот, Я. Яжоўскі і др. Усё гэта студэнты, вельмі популярныя сярод інтэлігэнцкай моладзі таго часу. Мэта „Філёматаў" вызна­чаецца так: шляхам добрай адукацыі палепшыць становішча айчыны. Што датыча да тэрміну „айчыны", то організацыя разумела пад ім Літву і Беларусь, каторыя павінны ўходзіць у склад Рэчы Паспалітай, як яе аўтаномныя правінцыі. Гурток „Філёматаў" раскладаўся, згодна з наву­ковымі запатрабаваньнямі сваіх сяброў, на дзьве сэкцыі, літаратурную і фізыка-матэматычную. На чале першай сэкцыі стаяў ужо памянёны намі А. Міцкевіч. Пасьля таго, як ён выбыў з унівэрсытэту ў Ковеншчыну, яго месца заняў працаўнік тагачаснага беларускага руху Ян Чачот, ка­торы прышчапляў сябром гуртка цікавасьць да беларускай культуры. На чале фізыка-матэматычнай сэкцыі ўвесь час стаяў Томаю Зан.

Нелегальнае існаваньне звужала працу гуртка і „філёматы" ўвесь час прагнуцца легалізавацца. Гэта ім урэшце і ўдалося зрабіць. З „ Фі­лёматаў" утвараецца легальны гурток „Прамяністых" (ад слова „пра­мень"). „Прамяністыя" маюць добра апрацаваны статут, які складаўся з 15 артыкулаў. Статут напісаў Т. Зан разам з другімі сябрамі. Прарэда­гаваў і зацьвердзіў статут рэктар унівэрсытэту Малеўскі. Пры зацьвяр­джэньні гуртка рэктар вызначыў, што ён спадзяецца, што гурток прыйме ўсе меры да таго, каб навучаць студэнтаў шчыра выконваць усе сту­дэнцкія абавязкі. Апроч таго, рэктор перасьцерагаў, каб організацыя ўводзіла ў свой склад выключна студэнтаў, не пашыраючыся за сьцены ўнівэрсытэту. Пасьля легалізацыі „Прамяністыя" ў сваім статуце ставяць сабе за мэту інтэлектуальнае і моральнае развіцьцё студэнцкай моладзі, а таксама і організацыю разумных і карысных гулянак для сваіх сяброў. Тайнаю мэтаю гуртка, як і раней, засталося патрыётычнае выхаваньне моладзі. Мясцовы, беларускі колёрыт застаецца ў гуртку і пасьля яго легалізацыі. Паміж іншым, у 8-м артыкуле статуту організацыі вызначана такое заданьне: „жадаць дабра сваім адназемцам кожнага стану і ўсяму народу наогул, зьберагаць карысныя звычаі сваіх продкаў, шанаваць сваю прыродную мову і вучыцца ёй". Прыроднаю моваю на Беларусі гурток лічыў як польскую, так і беларускую. Аб гэтым мясцовым напрамку „фі­лёматаў" сьведчыць таксама прысутнасьць і дзейны ўдзел у гуртку та­кога беларускага культурніка, як Ян Чачот.

„Прамяністыя" шырока разьвінулі сваю працу. Ішлі сходы, організаваліся процэсіі за горад і гулянкі за горадам. Даваліся матар'ялы праз сяброў „шубраўцаў" у „Брукавыя ведамасьці". Вяліся зносіны з мо­ладзьдзю, каторая ня ўходзіла ў організацыю. Але хутка аб гуртку „прамяністых" пайшлі ўсялякія чуткі. Найбольш гаманілі аб яго патаем­най патрыётычна-політычнай працы. Пачала цікавіцца працаю гуртка па­таемная руская паліцыя. Каб адвярнуць ад сябе гэтую ўвагу і цікавасьць